Берасцейцы і госці горада, што гулялі па пешаходнай вуліцы Савецкай, напэўна бачылі і чулі дзяўчат, якія іграюць на музычных інструментах. Адна з іх — Юлія Меліхава. Каля сёмай раніцы 1 кастрычніка да яе дадому прыйшла міліцыя. Юля даведалася, што на яе складзены пратакол па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Яе затрымалі, даставілі ў Ленінскі РАУС, потым адправілі да суда ў ІЧУ, паведамляе «Брэсцкая газета».

Юлія Меліхава ў судзе 6 кастрычніка

Юлія Меліхава ў судзе 6 кастрычніка

Суд над Юляй пачаўся 2 кастрычніка. Згодна з матэрыяламі справы, днём 27 верасня яна з кветкамі ў руках стаяла каля кінатэатра «Беларусь» і брала ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — традыцыйнай нядзельнай акцыі пратэсту. Доказам таму па версіі міліцыі служыла відэа, знятае падчас акцыі, а таксама скрыншоты з яго.

Сама Юля з самага пачатку заявіла, што ў акцыі не ўдзельнічала — па яе словах, днём яна разам з сябрам хадзіла ў кіно і ў кафэ на другім паверсе кінатэатра (сябар не змог выступіць сведкам, бо, па словах Меліхавай, паехаў на працу за мяжу — заўв. рэд.). Яна сцвярджала, што ў міліцыі абазналіся: дзяўчына, якую прынялі за яе, вышэйшая ростам, у яе даўжэйшыя валасы, а на нагах чорны абутак, тады як Юля ў той дзень была ў белых красоўках. Акрамя таго, твар дзяўчыны, якую прынялі за Юлю, быў заслонены чорнай маскай. Падчас першага судовага пасяджэння Меліхава заявіла, што калі ў кінатэатры ёсць камеры відэаназірання, то запіс з іх стане доказам яе слоў пра тое, што яна была з сябрам у кіно.

Суд абвясціў перапынак да 6 кастрычніка, каб за гэты час атрымаць запіс з камеры назірання ў кінатэатры. Яго далучылі да матэрыялаў справы. На кадрах відаць, як спачатку хлопец, у якім Юля апазнала свайго сябра, потым сама Юля заходзяць у будынак кінатэатра, а потым разам падымаюцца на другі паверх.

Сведкам на працэсе выступаў старшы ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Бойка. На судзе ён патлумачыў, што паступіла інфармацыя пра тое, што Юлія Меліхава ўдзельнічала ў акцыі пратэсту. Каб яе праверыць, былі прагледжаныя стрымы з акцыі, размешчаныя на адным з ютуб-каналаў, і кадры аператыўнай здымкі.

— Як адбывалася высвятленне асобы дзяўчыны, што зафіксавана на скрыншотах? — спытаў ва ўчастковага суддзя Ленінскага раёна Дзмітрый Куроўскі.

— Шляхам параўнання з фатаграфіяй у пашпарце, — адказаў міліцыянер.

На судзе ён настойваў, што дзяўчына на відэа і скрыншотах — гэта Юлія Меліхава.

— Чаму вы вырашылі, што гэта я? — спытала дзяўчына ва ўчастковага.

— Па прычосцы. Таму што прабор, які ў вас, вельмі характэрны. І па вачах, — адказаў Сяргей Бойка.

Суд спыніў разгляд справы за недаказанасцю віны Юліі Меліхавай.

Сябры Юліі сустрэлі рашэнне суда апладысментамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0