Упраўленне ўнутраных спраў Мінскага райвыканкама абскардзіла рашэнне раённага суда адносна назіральніка Кірыла Аношкі. Аднак Мінскі абласны суд 6 кастрычніка таксама апраўдаў назіральніка, піша «Радыё Свабода».

Мінскі раённы суд 9 верасня не задаволіў пазоў сакратаркі ўчастковай выбарчай камісіі №53 аграгарадка Калодзішчы Ірыны Паповай да незалежнага назіральніка Кірыла Аношкі, на якога быў складзены пратакол за хуліганства (арт. 17.1 КаАП).

Сакратарка камісіі, паводле Кірыла Аношкі, у судзе «фактычна зняпраўдзіла пратакол сваімі паказаннямі». Справу спынілі праз недаказанасць віны.

Пасля суда начальнік упраўлення Мінскай раённай міліцыі падпалкоўнік Пручкоўскі абскардзіў пастанову ў абласны суд з прычыны «аднабаковасці, непаўнаты і неаб’ектыўнага даследавання абставінаў адміністрацыйнага правапарушэння». Падпалкоўнік Пручкоўскі прасіў адмяніць пастанову і накіраваць справу на новы разгляд.

Паводле Кірыла Аношкі, у абласны суд, які не задаволіў скаргу, міліцыя не прыслала сваіх прадстаўнікоў.

«Незвычайна, што нават «пацярпелая» не мае ніякіх прэтэнзій, але ж у міліцыянтаў яны з'явіліся. Паскардзіцца вышэй яны ўжо не паспеюць, бо праз два дні міне двухмесячны тэрмін для адміністрацыйных спраў», — сказаў «Свабодзе» Кірыл Аношка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0