Натальля Суслава выкладае расейскую літаратуру ў Гомельскім дзяржунівэрсытэце імя Францішка Скарыны. Яна кандыдатка філялягічных навук. Ёйныя лекцыі студэнты называюць самымі яркімі. «Я радыкальная нацыяналістка паводле тыпу сьвядомасьці», — кажа пра сябе выкладчыца і са сьмехам апавядае пра «суткі», сябе і былога студэнта Сяргея Ціханоўскага, піша Радыё Свабода.

«Цяпер буду вітацца так: «Вечар у хату!»

Натальля ня лічыць сябе ахвярай. Кажа, што рана ці позна яе мусілі «ўзяць у палон». Яна хадзіла на акцыі ад 9 жніўня. 27 верасьня яе ўсё-ткі затрымалі і пакаралі арыштам на 8 сутак.

Пасьля «сутак» ва ўнівэрсытэце яе сустрэлі «хлебам-сольлю». Студэнты падарылі футболку з прынтам «таго самага» здымка, дзе Натальля ідзе паўзь міліцыянта. Калегі сьпяклі яблычны пірог і падарылі кубак з надпісам «Верым». «Мусіць, наконт «Можам, пераможам» яны пакуль сумняваюцца», — жартуе выкладчыца.

Шанаваную выкладчыцу з Гомеля вывезлі з ізалятара, каб не сустрэлі калегі і сябры

Да яе на ІЧУ пачкамі прыходзілі лісты і паштоўкі са словамі падтрымкі.

«Цяпер буду вітацца так: «Вечар у хату!». І казаць: «Вечар у радасьць, чыфір у сладасьць», — сьмяецца выкладчыца.

Першыя суткі яна сядзела з «дамамі, якія там былі ня першы, ня трэці і не апошні раз».

«Яны мяне проста замілавалі! Такія пакемоны. Можа, калі яны нап’юцца, то выглядаюць ня надта, але ў ізалятары яны адышлі ад алькаголю і былі добразычлівыя і мілыя. Яны ў мяне пыталіся пра сьцяг, чаму мы ходзім зь бел-чырвона-белым. Я ім расказала пра гісторыю сьцяга, пра герб «Пагоню», яны зьдзівіліся. Паміж сабой яны казалі, што пойдуць наступны раз на марш пратэсту. І потым уяўлялі, як зьдзівяцца іх участковыя міліцыянты ці канвойныя на ІЧУ, калі іх «прымуць», але не за бойку, а за палітыку. Іх гэта надта весяліла», — расказала Натальля.

Яна сядзела зь іншымі асуджанымі толькі адны суткі. Потым яе перавялі ў адзіночную камеру.

«Ізалятар ня пекла, і канваіры ня чэрці»

Натальля кажа, што каб і хацела прыдрацца да супрацоўнікаў ізалятару, то няма да чаго.

«Калі яны са мной кантактавалі, то ім было цяжка, але яны далі рады: ніводнага нецэнзурнага выразу. Хоць я чула, як яны размаўляюць у калідоры паміж сабой. Напэўна, мне дапамог літаратурны досьвед, творы Варлама Шаламава. Там было пекла, а ў ІЧУ — нічога страшнага. Пакут там не адчувала. Такі благі санаторый», — разважае выкладчыца.

«Непрыемны момант — калі пратэстоўцы ўбачылі чорную форму і пабеглі»

Натальля хадзіла на розныя акцыі ў Гомлі. Цяпер яна ўспамінае прыемныя і непрыемныя моманты. Непрыемны быў, калі ў адну зь нядзель пратэстоўцы пабеглі адразу, як толькі ўбачылі чорную форму АМАП.

«Я стаяла на ганку нашага фатальнага месца, цырку, і зь незадаволенасьцю назірала іх сыход. Да мяне падышлі амапаўцы і прапанавалі мяне правесьці. Не ў аўтазак. І адзін зь іх мне сказаў: «З кім вы зьвязаліся? Вы не таго поля ягада». Гэта было непрыемна. Я дарослы чалавек і сама выбіраю, дзе мне быць і з кім», — зазначыла Натальля.

Калі пасьля першага тыдня пратэстаў у людзей пачалася «нематываваная эўфарыя, хоць нічога не дабіліся», Натальлі спачатку гэта таксама не спадабалася. У прыватнасьці, ёй не падабаліся і акцыі «жанчын у белым з кветачкамі».

«Тады я падумала: «Ну хай людзі адчуюць сябе свабоднымі і потым будуць за гэта пачуцьцё змагацца. Свабода — гэта надзвычай важна, але важная і свабода выбару. Калі людзі выбіраюць, як паводзіцца, гэта іх выбар. Я асабіста лічу помсту шляхетным пачуцьцём. Калі ў цябе забралі сына, то ты мусіш выйсьці не на мірны пратэст. Я не разумею: калі ў цябе забралі сябра, чаму на наступны дзень не выходзяць усе ягоныя сябры і блізкія?», — кажа Натальля.

Але калі яна сутыкнулася з затрыманымі ў аўтазаку і ў міліцыі, то «памякчэла да людзей».

«Многія проста не гатовыя да затрыманьня. Яны надта моцна перажываюць, гэта вышэй за іх магчымасьці, гэта проста «ня іхнае», — лічыць літаратуразнаўца.

«Адна з самых яркіх выкладчыц». Падчас жорсткага разгону акцыі ў Гомелі затрымалі кандыдата філалагічных навук

У апошнюю нядзелю ў Гомлі практычна не было традыцыйнай акцыі пратэсту. Натальля ў гэты час сядзела ў ізалятары і назірала адтуль, як супрацоўнікі ІЧУ рыхтаваліся да акцыі.

«Вызвалілі перад нядзеляй увесь першы паверх. Каго ў Брагін, каго куды накіравалі. Рыхтаваліся. Але прывезьлі толькі некалькі чалавек. Канваіры былі расчараваныя», — са сьмехам кажа Натальля.

Яна не баіцца страціць працу і кажа, што на магчымыя пытаньні рэктара адкажа словамі Караткевіча: «Гіене — баяцца, сабаку — вішчаць, сьвіньні рыцца ў гноі сваім, а льву патрэбны калючы гушчар, родны край і свабода ў ім».

«Палохалі мяне «пякельным хамам» Ціханоўскім»

Сяргей Ціханоўскі, цяперашні палітзьняволены, вучыўся на гомельскім філфаку. Выкладала ў яго і Натальля Суслава.

«Я толькі пачала працаваць, а Сяргей то адлічваўся з вучобы, то ўзнаўляў навучаньне на завочным, і ў яго была такая рэпутацыя сярод выкладчыкаў, што ён «страшна ўсім хаміць». Але да мяне чамусьці такія людзі пранікаюцца, мне не хаміў. Толькі ўвесь час я зьдзіўлялася з тых дзікіх гісторый, якія ён мне апавядаў — пра ваенкамат, пра клюбы, дзе ён быў уласьнікам», — прыгадвае выкладчыца.

Яна кажа, што «ўпершыню сустрэлася з такім чалавекам, такім авантурыстам».

«Ён здаваў працы — мне здаецца, іх пісалі закаханыя ў яго дзяўчаты. І быў сьмешны выпадак, калі ён прынёс мне проста гару нейкіх пераздач, работ і заявіў: «Я жаніцца зьбіраюся! А кажуць, ёсьць такая прыкмета — разьлічыцца перад шлюбам з усімі запазычанасьцямі». Раней я ня вельмі яму верыла. А цяпер упэўнена, што гэта ўсё была чыстая праўда. Але пайсьці ў прэзыдэнты — гэта было занадта нават для яго», — кажа Натальля Суслава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?