Каля 19-й гадзіны на плошчы Незалежнасці збіраецца пару дзясяткаў чалавек. Гэта ўдзельнікі марша ў падтрымку дзеючай ўлады, які павінен прайсці па праспекце Незалежнасці і да плошчы Перамогі.

Перад пачаткам нейкі барадач праводзіць інструктаж: «Толькі беларуская сімволіка! Калі выказваюць агрэсію ў наш бок, мы не адказваем агрэсіяй, прызнаемся ў любові!»

Паралельна людзям раздаюць па два чырвоныя гваздзікі.

«Па дарозе спяваем гімн, «Кацюшу», «День Победы», — працягвае інструктаж барадач. — На плошчы Перамогі хвіліна маўчання, гімн, «День Победы».

Пасля мітынгоўцы чытаюць малітву і пачынаюць рух, побач ідзе здымачная група БТ (тэарэтык містычнай вайны Азаронак і аператар), гэтаксама трохі збоку трымаецца непрыкметны мужчына з рацыяй. Паралельным курсам па іншым баку дарогі едзе мікрааўтобус з сілавікамі.

«Усё легальна, шэсце ўзгодненае, падавалася заяўка ў Мінгарвыканкам на сёння і на 14 кастрычніка», — кажа «Нашай Ніве» барадач, які праводзіў інструктаж.

Ён прадстаўляецца Сяргеем — без прозвішча і роду заняткаў. «Афіцэр запасу», — адказвае на пытанне пра прафесію.

Сяргей кажа, што шэсце прымеркаванае «да адзінства беларускага народу, супраць фашысцкай сімволікі і сімволікі ЛГБТ, супраць хлусаў, якія падманваюць беларусаў».

Спачатку калона брыдзе моўчкі, затым з партатыўнай калонкі ўключаюць гімн. Наперадзе нясуць укрыжаванне, ікону і плакацік «Мы за бацьку».

Народу няшмат, таму хтосьці прапануе: «Расцягвайцеся!»

Па дарозе, шэсце пару разоў спыняецца. Спяваюць гімн, затым ідуць далей.

Агрэсіі з боку мінакоў, якой баяліся пры інструктажы, няма. Людзі ў асноўным весяляцца, адпускаюць каменты: «О, тысячы іх», «Нешта сціпленька ідуць», «Чаму ніхто не разганяе?»

Моладзь ля Макдональдса крычыць удзельнікам шэсця: «Са-бач-ку!», вулічныя музыкі ў пераходзе адразу зацягваюць «Тры чарапахі», убачыўшы чырвона-зялёныя сцягі.

Ніхто не кідаецца на шэсце і не спрабуе абразіць — мінакоў хутчэй хвалюе, як бы не трапіць у кадр нешматлікіх журналістаў, каб іх не палічылі ўдзельнікамі.

Чым бліжэй да плошчы Перамогі, тым актыўнейшыя мітынгоўцы. Часцей крычаць «За Беларусь!», «За Лукашэнку!», праз калонку ўключаюць «Саня останется с намі!».

На плошчы Перамогі мітынгоўцы зладжваюць мінуту маўчання, затым згодна плану зацягваюць гімн і «День Победы».

Пасля крычаць «Ура!», зноў моляцца — і канец. Уклаліся роўна ў гадзіну.

Некаторыя павольна разыходзяцца, частка застаецца: абмяркоўваюць сёе-тое, фатаграфуюцца.

Наступны «Марш за Беларусь!» (так удзельнікі называюць мерапрыемства) пройдзе праз тыдзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?