Платформа «Голас» заклікае да 18 кастрычніка ўзяць удзел у апытанні наконт стаўлення да паправак у Канстытуцыю.

Такім чынам стваральнікі платформы мяркуюць, што беларуская грамадзянская супольнасць выкажа сваё стаўленне да канстытуцыйнай рэформы, якая была ініцыяваная ўладамі.

Усяго наведвальнікам «Голасу» прапануецца адказаць на шэсць пытанняў, сярод якіх размеркаванне між галінамі ўлады, абмежаванне тэрмінаў паўнамоцтваў прэзідэнта, удзел Беларусі ў інтэграцыйных аб’яднаннях, дзяржаўныя мовы, парадак правядзення рэферэндумаў і колькасць палат парламента.

Праграміст Міхась Баярын звярнуў увагу на такую дэтальку: «Голас» пачаў апытанне па Канстытуцыі, я нават прайшоў. Але асадачак застаўся. Ёсць пытанне пра мову. І там ёсць

варыянт па змоўчанні — беларуская і расейская. У адрозненне ад усіх іншых пытанняў, дзе варыянты па змоўчанні аднаўляюць Канстытуцыю 1994-а года, — гэты варыянт замацоўвае вынікі рэферэндуму, якім душылі і гвалцілі нашую мову усе гэтыя гады».

«Наша Ніва» звярнулася па каментар да Паўла Лібера, аднаго са стваральнікаў платформы «Голас», каб ён патлумачыў, чаму так сталася:

«Насамрэч, у гэтым няма ніякай сістэмы або намеру. Проста вельмі хутка рабілі, каб быў у кожнай секцыі першы адказ выдзелены, інакш не ўсе разумелі, што ўнутры секцыі ёсць выбар між адказамі.

Больш за тое, мы думаем, ці пакідаць варыянты па змоўчанні, бо з аднаго боку яны даюць зразумець, што выбар можна памяняць, але з другога боку — бянтэжаць некаторых карыстальнікаў», — сказаў Лібер.

Агулам у апытанцы ўзялі ўжо ўдзел 235 тысяч чалавек. Гэта нашмат больш, чым у любым «грамадскім абмеркаванні» ў Беларусі раней. Прамежкавымі вынікамі арганізатары вырашылі не дзяліцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?