У пінскіх палітвязняў праходзяць дома ператрусы. Следчыя апісваюць іх маёмасць і накладаюць на яе арышт. Аднак пры ўручэнні адпаведных дакументаў блытаюць фігурантаў «пінскай справы»: праводзяць ператрус у доме аднаго чалавека, а пастанову ўручаюць іншага, піша spring96.org.

Сваякі пінскіх палітвязняў паведамляюць, што ператрус быў праведзены ў доме 19-гадовага Данііла Богната. Аднак яго сваякам уручылі пастанову аб накладанні арышту на маёмасць іншага палітвязня — Вячаслава Рагашчука.

Праваабаронца «Вясны» Аляксандр Вайцешык мяркуе, што ператрусы ў хуткім часе будуць праведзеныя ў дамах іншых фігурантаў «пінскай справы».

Як адзначае следчы Пінскага міжраённага аддзела Следчага камітэта А. Барчук, арышт на маёмасці абвінавачаных па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках) ажыццяўляецца «ў мэтах забеспячэння пакрыцця нанесенай шкоды, грамадзянскага пазову і іншых маёмасных спагнанняў».

Пасля акцый пратэсту 9-10 жніўня ў Пінску былі распачатыя крымінальныя справы аб масавых беспарадках мінімум на 13 чалавек, дзесяць з іх прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0