У настаўніцы з аграгарадка Кастрычніцкая пад Віцебскам Таццяны Вішнеўскай, якую двойчы судзілі за мірныя акцыі пратэсту і якая на адным з маршаў была з 10-гадовай дачкой — добрыя навіны. У дачыненні да педагога спынілі справу за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. У СНС (сацыяльна небяспечнае становішча) сям'ю не паставяць. Але будуць кантраляваць, піша Tut.by.
Таццяна Вішнеўская. Фота з яе архіва
Настаўніцу рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы ў аграгарадку Кастрычніцкая Віцебскага раёна Таццяну Вішнеўскую два разы аштрафавалі за мірныя дэманстрацыі ў абласным цэнтры. Педагог правяла суткі ў ІЧУ. На маршы пратэсту 11 кастрычніка Таццяна была з 10-гадовай дачкой Ксеніяй. Дзіцем зацікавілася інспекцыя па справах непаўнагадовых, у дом прыходзілі розныя правяральшчыкі, сям'і пагражалі, што яе паставяць у СНС.
Але ўсё скончылася добра.
Віцебскі РАУС правёў праверку з нагоды ўдзелу 10-гадовай Ксеніі Вішнеўскай у несанкцыянаваным вулічным шэсці 11 кастрычніка.
У дзеяннях школьніцы міліцыя не ўгледзела «складу адміністрацыйнага правапарушэння» па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Справу ў дачыненні да дзіцяці спынілі.
Фота Таццяны Вішнеўскай
Супраць маці — Таццяны Вішнеўскай, была заведзеная адміністрацыйная справа па артыкуле 9.4 КаАП — за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. Яе таксама спынілі: за адсутнасцю складу правапарушэння.
У дачыненні да дзяцей Таццяны — Ксеніі і яе 9-гадовага брата Данііла, — правялі «сацыяльнае расследаванне». Іншымі словамі, вывучылі, у якіх умовах жыве сям'я.
У школе, дзе вучацца дзеці, 19 кастрычніка адбылося пасяджэнне Савета «па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх».
Педагогі прыйшлі да высновы, што ў сям'і Вішнеўскіх «не ўстаноўлены крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча». Аднак школа будзе штомесяц кантраляваць, як жывуць дзеці.
Маці загадана выконваць патрабаванні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і «надалей не дапускаць уключэння сваіх дзяцей у несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы».
Абаім бацькам рэкамендуюць «выконваць правілы бяспечных паводзін у грамадскіх месцах і дома».





