22 кастрычніка з ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна выпусцілі Мікіту Ігнацюка, які праходзіць падазраваным па крымінальнай справе аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх. Пра гэта паведаміў Tut.by яго бацька Аляксандр.
kyky.org
27-гадовага Мікіту затрымалі падчас пратэстаў 4 кастрычніка. У той дзень хлопец сфатаграфаваўся з гідрантам ад вадамёта. Каля 19.50 яго затрымалі, а пазней асудзілі на 15 сутак арышту па артыкуле 23.34.
Калі тэрмін зняволення скончыўся, яго не выпусцілі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, а павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Як распавёў бацька Мікіты, сын праходзіць падазраваным па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
«Галоўным доказам здзяйснення Мікітам супрацьпраўных дзеянняў у матэрыялах справы, са слоў адваката, з'яўляецца сюжэт на АНТ, у якім Мікіту абвінавацілі ў «разукамплектаванні вадамёта». Мікіта назваў гэты сюжэт паклёпам», — расказваў Аляксандр Ігнацюк.
Нагадаем, учора ягоны тата, Аляксандр Ігнацюк, заявіў, што прадае дом у вёсцы Ястрабель Столінскага раёна, каб сабраць грошы на аплату паслуг адваката для свайго сына.
За пару гадзін неабыякавыя беларусы сабралі яму 20 тысяч рублёў.





