Кіроўца, чыё жорсткае затрыманне ў раёне мотавелазавода ў мінулую нядзелю трапіла на відэа, атрымаў 12 сутак арышту. Па словах яго жонкі, мужчына хацеў падвезці хлопца, за якім гналіся сілавікі. У ГУУС кажуць, што за кіроўцам гналіся з-за таго, што ён не спыніўся па патрабаванні ДАІ, піша Tut.by.

Падзеі, знятыя на відэа, адбываліся каля 17.00, калі ўдзельнікі «Партызанскага маршу» былі ўжо ў раёне праспекта Ракасоўскага. А вось у раёне «Мотавела», па словах відавочцаў, у гэты час сілавікі як раз кропкава затрымлівалі людзей.

Відаць, як за сіняй Lada бягуць некалькі людзей у чорнай форме, наперадзе дарогу ёй перагарадзіў мікрааўтобус з сілавікамі, следам паехала яшчэ некалькі мікрааўтобусаў. Кіроўца паспрабаваў аб'ехаць мікрааўтобус, але зрабіць гэта па праезнай частцы ў яго не атрымалася і ён выехаў на зялёную зону, а затым зноў вярнуўся на дарогу. Праўда, праз некалькі секунд яго ўсё роўна дагналі.

— Кіроўца праігнараваў патрабаванне інспектараў ДАІ аб спыненні транспартнага сродку. Нарад ДПС пачаў пераслед, да якога падключыўся іншы спецтранспарт АУС. Кіроўца быў затрыманы супрацоўнікамі АМАПа — пракаментавалі гэты інцыдэнт у ГУУС Мінска.

Ульяна, жонка затрыманага кіроўцы, тлумачыць, што адбывалася да гэтага.

— У гэты час Саша ехаў на машыне разам з нашымі сябрамі, таксама сямейная пара, — распавядае Ульяна, жонка затрыманага кіроўцы. — Вядома, мы ведалі, што ў гэты дзень у горадзе праходзіла акцыя пратэсту, але ў той момант на Партызанскім праспекце ўжо не было ніякай калоны. У раёне мотавелазавода муж з сябрамі ўбачылі, як сілавікі бягуць за нейкім хлопцам. Ён вырашыў яго выратаваць.

Разам з кіроўцам былі затрыманыя ўсе, хто быў у машыне. Раніцай у панядзелак адпусцілі толькі жонку сябра Аляксандра — ёй далі 20 базавых штрафу паводле артыкула 23.34 КаАП. Яна і распавяла Ульяне падрабязнасці.

Сама ж Ульяна ўвечары нядзелі была дома з дзецьмі. У іх сям'і чацвёра — дзве дзяўчынкі 10 гадоў і два хлопчыкі 5 гадоў. Аляксандр працуе кіроўцам, Ульяна — рамеснік. Пра тое што адбываецца з мужам, яна даведалася з телеграма.

— Калі муж за рулём, ён размаўляе са мной па гучнай сувязі, таму заўсёды здымае слухаўку. А тут я некалькі разоў набрала — і цішыня — успамінае жанчына. — Я зразумела, відавочна нешта здарылася, палезла глядзець навіны і амаль адразу ўбачыла гэта відэа.

Ульяна кажа, што даглядзець яго з першага разу не змагла: баялася ўбачыць жудасныя кадры са збіццём мужа.

— На шчасце, ужо позна ўвечары Сашы дазволілі мне патэлефанаваць. Ён сказаў, што з ім усё ў парадку, ён у Ленінскім РАУС, яго вязуць на Акрэсціна. Дзецям я сказала праўду: тату затрымала міліцыя. Бо яны ўжо разумеюць, што адбываецца, чулі, як я размаўляла па тэлефоне.

Раніцай у панядзелак жанчына паехала шукаць машыну мужа —легкавік адразу эвакуявалі ў РУУС. Праўда, аўто ёй не аддалі — сказалі, што забіраюць яго на экспертызу. У аўторак, 20 кастрычніка, адбыўся суд. Па артыкуле 23.34 КаАП мужчына атрымаў 12 сутак арышту, яго сябар - 14.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?