«Я вырашыла адкрыць дзверы, бо іначай не змагла б спаць спакойна, ведаючы, што я тут у бяспецы, а пад маімі дзвярыма лупяць людзей», — расказала «Нашай Ніве» гаспадыня кватэры, відэа з якой шакавала сёння інтэрнэт. 

«Цэлы дзень я была дома з суседкай, мы бачылі як па Арлоўскай прайшлі людзі спачатку ў адзін бок, за імі ехалі аўтазакі і бусы, потым яны развярнуліся і недзе побач сталі каля нас. І тут чуем выбухі, страляніну, гранаты рвуцца — разы тры нешта выбухнула дакладна, людзі крычаць, пабеглі ў двары, мы з суседкай пераглянуліся: адкрываем? Адкрываем! — расказала жанчына.

Толькі адкрылі, адразу ж людзі пачалі забягаць, чалавек 25 толькі ў нашу кватэру».

«Многие побежали в разные подъезды. Я тоже забежал в один из подъездов, со мной еще много людей забежало. В квартиру где-то 25 человек всего спряталось», — дапаўняе яе мужчына, які знайшоў прытулак у яе кватэры.

«Небывалая салідарнасць сёння на Арлоўскай і дварах. Амаль ля кожнага пад'езда стаялі людзі, трымалі дзверы, каб дэманстранты маглі схавацца», — расказвае яшчэ чытач «Нашай Нівы», сведка падзей.

Гэта стала звычкай: жыхары Мінска дапамагаюць дэманстрантам падчас цяжкіх, доўгіх маршаў. Адкрываюць вайфай, выносяць чай і адкрываюць дзверы пад'ездаў, каб упусціць дэманстрантаў, за якімі гоняцца сілавікі.

«Я ўжо закрывала дзверы, як у шчыліну ўставілі дубінку. Так людзі ў масках уварваліся, — працягвае гаспадыня кватэры. — Я ж стаяла ў дзвярах, што я перажыла! Госпадзе, як страшна было! Яны заляцелі ў кватэру: «Жанчын не чапаем, мужыкі — на выхад».

Білі мужчыну, якога выводзілі першым, білі потым таго, што папаў на відэа, усё гэта заняло мо пару хвілін, але час вельмі расцягнуўся», — расказвае гаспадыня.

Трох мужчын і аднаго падлетка не знайшлі: адзін схаваўся за пральнай машынай, адзін — у шафе, адзін — за канапай, яшчэ аднаго жанчыны на кухні закрылі сабой, каб не было бачна.

«Потым людзі ў масках сышлі, мы замкнуліся, пазнаёміліся, — працягвае гаспадыня. — Якія цікавыя людзі аказаліся, такія інтэлігентныя! Фларыстка была, чалавек з тыпаграфіі…

Схаваўся ў мяне нават хлопчык гадоў дванаццаці. Я так і не зразумела з кім ён быў, здаецца, адзін, ён быў у страшным стрэсе пасля таго як пабачыў, як людзей б’юць дубінкамі, і асабліва нічога не сказаў.

Можа быць, мясцовы, а можа згубіў сваякоў у тым вэрхале.

Ну і праз нейкі час усе разышліся: каго забралі, хто сам сышоў».

Усяго сёння ў Мінску, са слоў кіраўніка мінскай міліцыі, затрымалі каля 120 чалавек, а па краіне, паводле звестак праваабаронцаў — сотні.

Марш пратэсту 25 кастрычніка ў Мінску быў самым масавым ад 30 жніўня. Па розных падліках, толькі ў Мінску на вуліцы выйшла да 200 тысяч чалавек. Яны скандавалі «Забастоўка!» і «Заўтра выхадны» ў падтрымку закліку Святланы Ціханоўскай да агульнанацыянальнай стачкі пратэсту ад 26 кастрычніка.

Дэманстранты мірна прайшлі каля 10 кіламетраў праспектамі Пераможцаў, Машэрава, вуліцамі Багдановіча і Сурганава.

Сілавікі атакавалі дэманстрантаў на фінальным этапе шэсця, у раёне вуліцы Арлоўская. Людзей абстралялі святлошумавымі гранатамі, ёсць параненыя.

Акцыі пратэсту прайшлі сёння таксама ў Брэсце, Гродне, Лідзе, Наваполацку, Віцебску, Смаргоні, Навагрудку, Барысаве, Жабінцы, Янаве, Бабруйску, іншых гарадах Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0