Частка азотаўцаў далучылася да страйку 27 кастрычніка. Прынамсі аднаго страйкоўца затрымалі, піша Свабода.

Асноўным месцам страйку застаюцца два буйныя, зьвязаныя паміж сабой цэхі — «Аміяк-3» і «Карбамід-4». Яны прыносяць «Азоту» значны прыбытак. Па словах аднаго з работнікаў, толькі «Аміяк-3» зарабляе мінімум 1 мільён эўра ў месяц. Да таго ж страйкуюць работнікі цэхаў АКіКАС (азотнай кіслаты і карбамідна-аміячнай сумесі) і цыклягексанону.

Яшчэ пара зьвязаных паміж сабой буйных цэхаў не страйкуе: «Аміяк-4» і «Карбамід-3».

Дакладная колькасьць страйкоўцаў невядомая. Работнікі паведамляюць пра больш як сотню на ўсім заводзе. Лідэр страйкаму «Азоту» Юры Рававы зьбірае заявы ад супрацоўнікаў.

На «Гродна Азоце» працуе больш за 7 тысяч чалавек — без уліку прадпрыемства «Хімвалакно», якое цяпер уваходзіць у склад хімічнага гіганта.

Ранкам 27 кастрычніка каля прахадной «Азоту» сабраліся паўсотні чалавек, каб падтрымаць тых, хто хоча далучыцца да страйку. Трэцяя зьмена з пачатку страйку цэху «Аміяк-3» адмаўлялася прыступаць да працы. Аднак потым некалькі чалавек пагадзіліся, рэшту работнікаў на зьмену знайшлі сярод начальства і іншых азотаўцаў.

Усяго ў «Аміяку-3» працуюць чатыры зьмены, кожная па 12 гадзін. Перад гэтым дзьве ўжо адмовіліся выконваць свае абавязкі. Зь вечара 25 кастрычніка адны і тыя ж людзі працавалі 36 гадзін запар.

Пад пытаньнем застаецца начная зьмена, якая мае заступіць а 20-й гадзіне 27 кастрычніка. Пакуль недахоп людзей. Вядома, што кіраўніцтва абзвоньвае пэнсіянэраў і былых работнікаў з прапановай выйсьці на працу.

Да таго ж начальства абвясьціла пра пошук кадраў у цэх «Аміяк-3», некалькі азотаўцаў зь іншых падразьдзяленьняў ужо выказалі жаданьне перайсьці туды. Падрыхтоўка тэхналягічнага пэрсаналу для «Азоту» займае каля паўгода.

Цягам дня работнікі не зьбіраліся на прахадной, як напярэдадні. Зранку некаторых людзей запрасілі «на гутаркі» са службай бясьпекі, прапаноўвалі напісаць заявы на звальненьне па згодзе бакоў. Азотаўцы адмовіліся. Пасьля гэтага рэшта страйкоўцаў разышлася па дамах.

Некаторым азотаўцам зранку заблякавалі электронныя пропускі, цяпер яны ня могуць трапіць на завод, як звычайна, праз прахадную.

Страйкоўцы разьлічваюць, што большасьць калегаў ня будуць пераймаць зьмены. Адны і тыя ж людзі, якія не страйкуюць, фізычна ня змогуць працаваць нон-стоп. Тады кіраўніцтва вымушана аддасьць загад пачаць спыненьне вытворчасьці.

Работнікі кажуць, што калі яны без дазволу начальства спыняць працу цэхаў, то могуць панесьці крымінальную адказнасьць, бо на «Азоце» ідзе складаны тэхналягічны працэс. Памылка пры спыненьні можа прывесьці да тэхналягічнай катастрофы. Са словаў «азотаўцаў», выбух на вытворчасьці вынішчыць тэрыторыю ў радыюсе 40 кілямэтраў.

Ранкам зьнік супрацоўнік «Аміяку-3» Аляксандар Жук. Ён уваходзіць у раду Беларускага незалежнага прафсаюзу ад свайго цэху. Апошні раз Жук выйшаў на сувязь у 6:22, з калегамі ён так і не сустрэўся. Як даведаліся азотаўцы, Жука забралі на размову ў КДБ. Увечары ён пазваніў жонцы. Ягоны далейшы лёс невядомы. Да таго ж, невядомыя спрабавалі трапіць у кватэру да работніка цэху цыклягексанону Дзяніса Сайко, аднак потым сышлі, калі падтрымаць Сайко прыйшлі іншыя гарадзенцы.

Паводле афіцыйнай інфармацыі прадпрыемства «Гродна Азот», ранкам 26 кастрычніка адбылася спроба дэстабілізаваць абстаноўку. Каля прахадной заводу сабралася больш за 100 чалавек, большасьць зь якіх не працуюць на «Азоце». Паводле афіцыйнага паведамленьня, правакацыйныя дзеяньні лякалізавалі, забастоўкі на прадпрыемстве няма.

Прадстаўнік канцэрну «Белнафтахім» заявіў 27 кастрычніка, што ААТ «Гродна Азот» працуе ў штатным рэжыме, усе тэхналягічныя працэсы ў норме. Інфармацыю ў Telegram-каналах аб прыпыненьні печаў на прадпрыемстве ў канцэрне назвалі правакацыяй.

Ранкам 26 кастрычніка на прахадной «Гродна Азот» сабралася каля 100—150 азотаўцаў і іншых гарадзенцаў. Туды прыехалі аўтобусы і жорстка затрымалі частку людзей. Па сьведчаньнях азотаўцаў, іх білі, абражалі, ставілі на калені. Па розных ацэнках, у РАУС аказаліся ад 32 (афіцыйная вэрсія міліцыі) да 100 чалавек. Потым усіх адпусьцілі і завезьлі на працу. Пасьля затрыманьняў нехта ўзьняў над заводам бел-чырвона-белы сьцяг. Каля 35 страйкоўцаў цягам дня заставаліся на прахадной і не ішлі на свае працоўныя месцы. Увечары яны пайшлі дадому.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?