Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў дзеянні сілавікоў пры разгоне пратэстаў у Мінску ў нядзелю, 25 кастрычніка.

«Не мы былі ініцыятарамі. Вы бачылі, што было ў мінулую нядзелю. Карцінкі няма, хадзілі, хадзілі па Мінску. Мэта была захапіць цэнтр, у цэнтр не пусцілі. Змярканне — пайшлі на аддзелы міліцыі. Пайшлі, што самае страшнае, у спальныя раёны. Цёмна, людзі перапужаныя. Хтосьці а сёмай гадзіне выйшаў з дзеткамі на вуліцу. Гэта што, нармальна, калі натоўп п'яны, ашалелы, праколаты наркотыкамі, пракураны і прапіты, сотні чалавек, рынуліся ў гэтыя раёны?

Што трэба было рабіць міліцыі? Гэта быў мой загад для таго, каб засцерагчы людзей. Пачалі ўскрываць кватэры, рынуліся ў гэтыя кватэры. Прыйшлося з кватэр выцягваць гэтых наркаманаў. Гэта ненармальна, гэта недапушчальна, Валерый Палыч. Таму пачынаем працаваць», — запатрабаваў Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Савета бяспекі Вакульчыка.

25 кастрычніка да 200 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Мінска. Марш прайшоў спакойна, без інцыдэнтаў. Толькі ў самым канцы, калі ў адной з калон заставалася некалькі тысяч чалавек, яе абстралялі святлошумавымі гранатамі і разагналі. Людзі ў раёне Арлоўскай хавалі дэманстрантаў у кватэрах. Выпадак, калі сілавікі ўварваліся ў адну з кватэр і білі мужчын дубінкамі, папаў на відэа і выклікаў вялікі рэзананс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0