Радыё Свабода

Радыё Свабода

Звольнілі старшыню нізавой арганізацыі РЭП на Менскім маторным заводзе Андрэя Комліка-Ямаціна. Пакуль ён зьбіраў рэчы, яго затрымалі і адвезьлі Партызанскі РУУС, паведамляе Радыё Свабода.

Ігар Комлік, прафсаюзны актывіст і бацька Андрэя, удакладніў, што сына, мяркуючы па ўсім, будуць судзіць паводле артыкула 23.34 КаАП. Прынамсі ў міліцыі яму сказалі забраць асабістыя рэчы сына.

Прычынай звальненьня, на перакананьне Ігара Комліка, стала прафсаюзная дзейнасьць Андрэя. Усё пачалося яшчэ 14 жніўня, калі матарысты ладзілі акцыю супраць фальсыфікацыі выбараў і жорсткасьці сілавікоў, у якой удзельнічалі блізу 700 чалавек.

«Будзем абскарджваць рашэньне, бо гэта перасьлед за актыўнасьць, — кажа ён. — Фармальнай прычынай стаў «перабор вымоваў». Спачатку за жнівеньскія падзеі, калі масава выйшлі рабочыя, а страйк ня быў прызнаны. Пасьля павесілі ледзь не падбухторваньне да сабатажу. Нарэшце, напісаў заяву на імя дырэктара, каб у вольны час мог наведваць прадпрыемства і кантраляваць выкананьне тэхнікі бясьпекі і г. д. У адказ заблякавалі пропуск. Тады застаўся для сустрэчы з чальцамі прафсаюзу. Расцанілі як парушэньне працоўнага заканадаўства».

26 кастрычніка каля 50 работнікаў маторнага заводу зладзілі на тэрыторыі сход, на якім абмеркавалі магчымасьць страйку. І хоць гэта адбылося ў абедзенны перапынак, Комлік-Ямацін паплаціўся працай.

Міліцыянты, якія забіралі Андрэя Комліка-Ямаціна, нефамальна выказалі бацьку сваю вэрсію затрыманьня — маўляў, усё ад таго, што той «ня любіць Лукашэнку».

«Я ім адказаў, што і сам, мякка кажучы, ня вельмі люблю і Лукашэнку, і людзей у пагонах, — гаворыць Ігар Комлік. — І дадаў, што ў нейкім сэнсе мне нават сорамна, што ў маладосьці марыў стаць міліцыянтам ці супрацоўнікам сьледчых органаў».

У 2017 годзе Андрэй Комлік-Ямацін праходзіў падазраваным у так званай «справе патрыётаў». Разам з жонкай Настай яны шылі адзеньне ў нацыянальным беларускім стылі. Справа неўзабаве развалілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0