Міністр унутраных спраў Юрый Караеў перакананы, што 25 кастрычніка сілавікі на законных падставах уварваліся ў кватэру на вуліцы Нававіленскай.
«Я хачу нагадаць, па-першае, па законе «Аб органах унутраных спраў» супрацоўнік міліцыі мае права ўваходзіць у памяшканне, калі мае дастатковыя падставы меркаваць, што там хаваецца чалавек, які здзяйсняе злачынства. І другое, адкуль мы ведаем, яны ўвайшлі ў кватэры сваіх прыхільнікаў або проста ўварваліся да добрасумленных грамадзян, якія ні сном, ні духам. Мы гэта павінны спыняць», — заявіў ён у эфіры «Беларусь 1».
Варта адзначыць, што дэманстрантаў прыцягвалі да адказнасці ўсяго толькі за адміністратыўнае правапарушэнне. Заканадаўства не дае права сілавікам урывацца ў кватэры да правапарушальнікаў.
Аднак Караеў сцвярджае, што з кватэр забралі тых, хто кідаў камяні, і яны «даюць ужо паказанні».
Чытайце: Вось што расказала гаспадыня кватэры на Нававіленскай у Мінску, куды ўварваліся людзі ў масках





