Сёння раніцай адбыўся ператрус у маладзечанскага юрыста, блогера і актывіста Руслана Кісялёва. Пасля ператрусу Кісялёва забралі следчыя ў Мінск, піша Рэгіянальная газета.

Пра тое, што ў Руслана плануюць ператрус, ён паведаміў у 9:30. У двары шматпавярховіка па Вялікім Гасцінцы стаяў цёмна-сіні бус на нумары АМ 0315-3. Яму пазваніў старшы оперупаўнаважаны Дзмітрый Пятроўскі. Паведаміў, што Генеральная пракуратура санкцыянавала ператрус па месцы жыхарства Кісялёва.

«Давайце ўбачымся, інакш мы будзем ламаць дзверы», — сказалі яму па тэлефоне.

Кісялёў задаў пытанне, ці вядзецца нейкая справа ў адносінах да яго. Яму адказалі: «Крымінальная справа, якая расследуецца, засакрэчаная».

Яму таксама прыслалі два смс-паведамленні, меркавана адпраўленыя з нумара Мінскага упраўлення ўнутраных спраў.

Прыкладна ў 10 гадзін пачаўся ператрус, ён доўжыўся каля гадзіны. Пры гэтым прысутнічаў Руслан і яго маці Соф’я. Калі ў кватэру зайшоў сябра Кісялёва, адзін з прысутных сілавікоў сказаў, што ён з Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

Такім чынам, меркавана на аперацыі былі задзейнічаныя дзве групы: адна на бусе з Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, другая на серабрыстым Фольксвагене з супрацоўнікамі Следчага камітэта.

Соф’я Кісялёва паведаміла, што з кватэры забралі ноўтбук, тэлефон і электронныя носьбіты інфармацыі. Таксама ёй далі прачытаць пастанову, паводле якой праводзілі ператрус. Соф’я Кісялёва адзначыла, што там фігуравала больш за дзесяць крымінальных артыкулаў, якія дакладна, жанчына не запомніла.

— Як нам патлумачылі, гэта з-за таго, што Руслан выклаў на ютубе запіс размовы з прадстаўніком органаў унутраных спраў, — сказала Кісялёва журналістам «Рэгіянальнай газеты».

Маці сказалі, што Руслана адвязуць у Цэнтральны апарат Следчага камітэта, які месціцца ў Мінску. Кантакт для сувязі пакінулі следчага следчай групы Галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта падпалкоўніка юстыцыі Ганчарыка. Таксама сказалі, што, магчыма, Руслана сёння адпусцяць пасля размовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?