Пятага лістапада, за адзін дзень у судзе Жабінскага раёна была разгледжаная крымінальная справа 17-гадовага Елісея Кузняцова, які абвінавачваўся ў тым, што кінуў бутэльку з гаручай сумессю ў міліцэйскую машыну, паведамляюць праваабаронцы.

Крымінальная справа была заведзена па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкуле 295-3 (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) і артыкуле 364 (Пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

Інцыдэнт, па якім судзілі Кузняцова, адбыўся 11 жніўня ў гарадскім парку Жабінкі. Хлопец цалкам прызнаў сваю віну, акрамя таго ён напісаў яўку з павіннай і яшчэ да суда раскаяўся ў зробленым. На судзе адзначыў, што дзейнічаў тады пад уплывам эмоцый.

Дзяржабвінаваўца Таццяна Жарынава (памочніца пракурора Жабінкаўскага раёна) прасіла прызначыць Елісею пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»).

Суд Жабінкаўскага раёна ў той самы дзень вынес менавіта такі прысуд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0