Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Праваабаронцы маюць імёны тут і тут як мінімум 118 палітычных затрыманых за панядзелак-пятніцу ў розных гарадах Беларусі.

Такім чынам, усяго па стане на вечар 6 лістапада ў Беларусі за час пратэстаў адбылося, як мінімум, 16 713 затрыманняў.

Лічба няпоўная, бо гэта толькі выпадкі, зафіксаваныя праваабаронцамі. Гэта самыя маштабныя палітычныя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія 40 гадоў.

Дакладная колькасць палітычна матываваных крымінальных спраў дакладна невядомая. Паводле апошніх наяўных звестак, іх было каля 700. 

Самая вялікая колькасць падазраваных — як мінімум, 231 чалавек — праходзіць па нядаўнай крымінальнай справе аб нібыта «масавых беспарадках» 1 лістапада, у дзень памяці продкаў Дзяды.

Агульная колькасць фігурантаў крымінальных спраў дасягне, імаверна, некалькіх тысяч тысяч.

Чытайце таксама: Завялі крымінальную справу на бацьку і сына, якія схаваліся ў шведскім пасольстве

У турмах застаюцца лідары апазіцыі і асноўныя канкурэнты Аляксандра Лукашэнкі: Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Марыя Калеснікава, Максім Знак.

Калі Бабарыку абвінавацілі ў эканамічных злачынствах — пры гэтым Лукашэнка прызнаў яго палітычны статус, правёўшы з ім сярод іншых палітвязняў сустрэчу ў СІЗА КДБ, — то некаторых іншых «падазраюць» проста ў падрыхтоўцы дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак. Гэтае абвінавачванне настолькі шырокае, што яго можна ўжыць да любога праціўніка існуючага рэжыму.

Чытайце таксама: Пальчысу афіцыйна выставілі абвінавачванне: арганізацыя масавых беспарадкаў

Вядома таксама пра не менш як 142 студэнтаў, якія былі адлічаныя або якім пагражае адлічэнне ва ўніверсітэтах розных гарадоў краіны ад Медыцынскага да Брэскага тэхнічнага.

Што да звольненых бастуючых, то іх дзясяткі ў розных гарадах.

На тыдні стала вядома пра звальненне 25 бастуючых на Мінскім электратэхнічным заводзе на чале з вядучым інжынерам і двух артыстаў у Гродне.

Чытайце таксама: У Жлобіне на чатырох супрацоўнікаў БМЗ, якія зладзілі страйк, завялі крымінальную справу. Ім пагражае да трох гадоў турмы

Сярод затрыманых за панядзелак-пятніцу — акцёрка Драматычнага тэатра арміі Алеся Клачко; вялікая група медыкаў у Мінску: Вольга Стэфановіч, Руслан Якубоўскі, Станіслаў Салавей, Зміцер і Ірына Маркелавы, Яўген Майскі, Леанід Глазкін, Валерыя Цімашэнка, Руслан Бадамшын, Дзмітрый Палій; журналісты.

Сілавікі цяпер атакуюць не толькі дэманстрацыі ці сходы, але спрабуюць падавіць любыя публічныя выказванні палітычнай пазіцыі ці салідарнасці. Так, 2 лістапада ў Мінску па дарозе на працу быў затрыманы Арцём Караткевіч, які, паводле звестак праваабаронцаў, паказаў дызлайк картэжу Лукашэнкі на праспекце Пераможцаў.

А 5 лістапада была затрыманая вялікая група людзей, якая сабралася ў двары дома Ніны Багінскай, дзе адбываўся ператрус.

Актыўную ролю ў затрыманнях адыгрываюць супрацоўнікі ГУБАЗіКа МУС, хоць пратэсты супраць фальсіфікацый і парушэнняў законнасці не адносяцца ні да арганізаванай злачыннасці, ні да карупцыі.

Чытайце таксама: Затрымалі яшчэ аднаго адміністратара Telegram-канала «Кіроўцы 97»

На мінулым тыдні вечарамі сілавікі палявалі на музыкаў, якія выступаюць у дварах мікрараёнаў. Сярод затрыманых іх не менш за два дзясяткі.

Былі затрыманыя і дзве жанчыны-дырыжоры хароў, Галіна Казіміроўская і Таццяна Галуза, а таксама два артысты Філармоніі: артыст камернага хору Дзяніс Іваноў і віяланчэліст Аляксандр Сердзюкоў.

Рэпрэсіі выклікаюць не толькі асабістую, але і калектыўную рэакцыю. На гэтым тыдні стала вядома пра звароты пратэсту артыстаў Вялікага тэатра, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Агулам за час пратэстаў не менш за 4 дэманстранты загінулі або былі знойдзеныя мёртвымі, не менш за 1400 чалавек звярнуліся па медыцынскую дапамогу. Колькасць рэпрэсаваных набліжаецца да 20 тысяч.

Пратэсты 2020 года маюць гістарычнае значэнне для Беларусі, а на думку некаторых экспертаў — і для будучыні еўрапейскага кантынента ў цэлым. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0