Ілюстрацыйны здымак, фота Аляксандры Піліповіч-Сушчыц
Мінчук У. (імя і прозвішча вядомыя Рэдакцыі) распавёў, як пасля Марша 1 лістапада трапіў у бальніцу.
«Усё здарылася, калі Марш ужо скончыўся. Я ішоў па Лагойскім тракце ў бок вуліцы Гамарніка. І на пераходзе праязджаў мікрааўтобус з сілавікамі.
Я не стрымаўся і паказаў ім сярэдні палец, — прызнаецца мужчына. — Але тут дзверы адчыніліся, выскачылі некалькі сілавікоў, схапілі мяне і зацягнулі ў машыну».
У машыне, кажа У., яго пачалі збіваць.
«Пабілі, затым сказалі: давай рукі сюды. Я не даваў. Выцягнулі самі адну маю руку, пасля другую. У выніку зламалі на адной руцэ палец, на другой — прамянёвы адростак.
Пасля перасадзілі мяне ў аўтазак, на ім адвезлі ў РУУС, — згадвае суразмоўца. — У РУУСе спыталі, ці патрэбная дапамога, выклікалі дактароў. Адвезлі ў Бальніцу хуткай дапамогі. У выніку ў мяне чэрапна-мазгавая траўма, страсенне мазгоў лёгкай ступені і два пераломы. Ну і сіняя ад удараў спіна».
У. не хавае — быў выпіўшы у той дзень, калі паказваў «фак» бусіку з сілавікамі. Але 0,5 праміле — гэта не нагода для таго, каб лупіць чалавека і ламаць яму пальцы.
«Мне цяпер праваабаронцы кажуць пісаць заяву ў СК, зняць пабоі. Я яшчэ пракансультуюся з адвакатамі, пакуль не ведаю, што рабіць далей. Трэба трохі падлячыцца», — кажа мужчына.
Цікава, што днямі прайшоў суд — У. атрымаў штраф 25 базавых за ўдзел у мітынгу. Прычым сам ён пра пасяджэнне нават не ведаў — пра суд і вырак пачуў ад карэспандэнта «Нашай Нівы».





