Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава правяла нараду з кіраўнікамі медустаноў. Яна тычылася не толькі пытанняў змагання з каранавіруснай інфекцыяй, але і ідэалогіі. Аўдыёзапіс са сходу размясцілі ў тэлеграм-канале «Белыя халаты».

У сваёй эмацыйнай прамове Наталля Качанава выказала здзіўленне тым фактам, што медыкі выходзяць на акцыі пратэсту і салідарнасці з затрыманымі раней калегамі.

— Сёння, калі ёсць у кагосьці такая неабходнасць, працуюць дыялогавыя пляцоўкі. Калі ёсць нейкая патрэба: установа ваша, універсітэт, паліклініка, бальніца, хацелі б сустрэцца з кім-небудзь з кіраўнікоў або вышэйшых службовых асоб, кіраўніцтва краіны — мы гатовыя сустрэцца з вашымі калектывамі. Дыялогу на вуліцах не будзе — папярэдзьце іх, — цытуе Качанаву Tut.by. — Калі хто-небудзь хоча выказаць сваё меркаванне, калі ласка, мы гатовыя да дыялогу. Але не ў фармаце гэтых выхадаў і пратэстаў! Гэта вельмі дрэнна! Гэта ні да чаго добрага не прывядзе. 

Качанава падкрэсліла, што калі кіраўніцтву ўстаноў аховы здароўя не ўдаецца вырашыць пытанні са сваімі падначаленымі, то яна гатовая прыехаць сама, а таксама кіраўніцтва Міністэрства аховы здароўя.

— Але на вуліцы мы не пойдзем з імі размаўляць. Мы гатовыя да дыялогу, але ён павінен быць цывілізаваным, — заявіла Качанава.

— Вось проста так, выказваць сваё пратэснае меркаванне, выходзячы чамусьці на вуліцы, незразумела для чаго… я яшчэ разумею, мы сустракаемся са студэнтамі, размаўляем з імі, але калі дарослыя людзі займаюцца гэтым, на мой погляд, гэта няправільна, — выказала яна сваё меркаванне.

Яна таксама пракаментавала затрыманні медыкаў падчас акцый салідарнасці.

— [Затрымліваюць] не за перакананні, яны ў кожнага могуць быць свае, за парушэнні закону! Калі людзі выходзяць на несанкцыянаваныя мерапрыемствы і парушаюць грамадскі парадак. Вось за што іх прыцягваюць да адказнасці. І будуць прыцягваць надалей, мы прававая дзяржава, дзе дзейнічаюць законы. І выкананне законаў абавязковае для ўсіх. Не трэба ладзіць вэрхал! Усе гэтыя мірныя акцыі ні да чаго добрага не прыводзяць, — лічыць Качанава.

Яна параіла кіраўнікам размаўляць з людзьмі, паколькі тое, што адбываецца, «не ўпрыгожвае сістэму аховы здароўя», а таксама адзначыла, што «кіраўнік = ідэолаг».

Наталля Качанава таксама папракнула кіраўніцтва Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.

— Калі людзі выходзяць з арганізацыі, значыць, вы не дапрацоўваеце. Уключайцеся ў працу вельмі актыўна, праедзьце, пагаварыце з людзьмі, у вас жа ёсць разгалінаваная сетка прафсаюзных актывістаў.

У завяршэнне Наталля Качанава выказала сваё меркаванне: «Так, як робяць медыкі цяпер часам, — гэта па меншай меры дзіўна».

Ад 9 жніўня ў Беларусі працягваюцца акцыі пратэсту. Актыўны ўдзел у іх бяруць і медыкі — гэта пачалося пасля таго, як у бальніцы сталі паступаць людзі, пацярпелыя ад гвалту сілавікоў. Калі медыкаў сталі затрымліваць, іх калегі працягнулі выходзіць — але ўжо на акцыі салідарнасці. У суботу, 7 лістапада, нагадаем, некалькі дзясяткаў медыкаў былі схопленыя на пратэснай акцыі каля 1-й бальніцы ў цэнтры Мінска. 9 лістапада судзілі больш за 10 з іх. Вядомых медыкаў, якіх няма кім замяніць, адправілі на «суткі». 10 лістапада судовы канвеер працягнуў сваю працу — дактароў са шматгадовым стажам адправілі адбываць 12-15 сутак арышту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0