Фота «Радыё Свабода»

Фота «Радыё Свабода»

Вядомы беларускі мастак тры тыдні пакутаваў ад каранавіруснай інфекцыі. Пра гэта ён распавёў «Народнай Волі».

— На пачатку кастрычніка музыкант і арганізатар папулярных «Спеўных сходаў» Сяргей Доўгушаў ладзіў некалькі мерапрыемстваў у бары «Сіняя каза», там жа адбылася прэзентацыя «Спеўніка», ну і, відаць, менавіта там я і падхапіў гэтую інфекцыю, — дзеліцца Алесь Пушкін. — Бо народу было шмат. І я ж у масцы быў, але ўсё роўна нічога не дапамагло!

14 кастрычніка я яшчэ з дзеўкамі танчыў, а літаральна праз некалькі дзён пачаўся насмарк. З носа цякло і цякло, як вадаспад!

Думаю, усё ж такі правільна зрабілі ў Еўропе, што забаранілі збірацца разам больш як 10 чалавекам.

— І як хвароба развівалася?

— Спачатку праблемы з носам, потым, праз пару дзён, папаўзла ўверх тэмпература. Спачатку было 37, а потым — 39. Я не мог хадзіць на працу і выклікаў хуткую дапамогу. А пасля таго як тэст паказаў станоўчы вынік, пераехаў у дом сястры ў Бабры — яна, дарэчы, захварэла на COVID-19 раней за мяне прыкладна на тыдзень. Паколькі яна была ў шпіталі з правабаковым кавідным запаленнем лёгкіх, я застаўся на самаізаляцыі ў яе доме. Каб не кантактаваць з сям’ёй.

— Чым лячыліся?

— Мяне назірала мясцовая доктарка, з нашай амбулаторыі, Анастасія Віктараўна Свірыдава. Яна паслухала мяне, сказала, што запалення няма, проста вірусная інфекцыя. Але выпісала мне два антыбіётыкі: «Сумамед», вельмі дарагі — 65 рублёў, і «Адзіцэф», таксама моцны. І я 11 дзён быў на антыбіётыках, пасля тэмпература спала, і стала лягчэй.

— А камп’ютарную тамаграфію рабілі?

— Пакуль не, але планую зрабіць. А гэта яшчэ мінімум 80 рублёў трэба плаціць.

— Першы тэст, які вам зрабілі, адразу паказаў «модны» вірус?

— Так. Увогуле, гэта вельмі незвычайная, каварная хвароба. Я ніколі ў жыцці так цяжка не хварэў! Два тыдні кожны дзень трымалася тэмпература, нават калі я прымаў антыбіётыкі! Цяжка вельмі збівалася. Прычым узнімалася з самага ранку і была вельмі высокая. Я яе збіваў, але вечарам яна таксама паўзла ўверх.

Ад душы раю: не хадзіце на масавыя мерапрыемствы, апранайце маску і трымайце дыстанцыю! Гэта вельмі правільныя парады, якія трэба выконваць усім без выключэння!

— Дык а з мітынгамі, на якія пад сто тысяч чалавек адначасова выходзяць, што рабіць?

— А вось на мітынгі можна, бо яны на свежым паветры, на вуліцы адбываюцца. А я пра памяшканні кажу. Вось мы ў «Сіняй казе» танчылі, усе потныя, памяшканне невялікае, а людзей — бітком! І Сяргей Доўгушаў, дарэчы, таксама цяпер з кавідам ляжыць! Ён правёў тры імпрэзы, а потым і я злёг, і ён…Так што гэта сур’ёзная рэч! Дыстанцыя сацыяльная, свежае паветра — абавязковыя рэчы.

— Жонка, дзеці — не захварэлі?

— Не, бо я вельмі правільна зрабіў, што не кантактаваў з імі ад самага пачатку хваробы. Напрыканцы мінулага тыдня мне далі даведку, што магу ісці на працу, што тэст на каранавірус у мяне адмоўны.

Так што не хадзіце на танцы, у памяшканнях не таўчыцеся, у барах не сядзіце.

— А з пацалункамі як быць?

— Настойліва рэкамендую ўстрымацца! Бо нельга зараз. На сваім уласным вопыце кажу: вось патанчыў крыху з дзеўкамі ўблізкую, крутнуўся, удыхнуў пах валасоў — і ўсё! Ад гэтага, можна сказаць, і захварэў…

Правільна ўсё ж на Захадзе каранцін гэты зрабілі. Добра, што ў цэрквах і касцёлах рэкамендуюць трымацца на дыстанцыі. Нельга грэбаваць гэтымі правіламі. Бо хвароба небяспечная вельмі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?