Фота з інстаграма Вольгі Хіжынковай
У судзе Заводскага раёна Мінска за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве судзяць «Міс Беларусь-2008» і экс-прэс-сакратарку брэсцкага «Дынама» Вольгу Хіжынкову. Яна ўжо правяла трое сутак за кратамі ў чаканні суда, піша Tut.by.
У судзе Вольга віну не прызнала. Яна распавяла, што 8 лістапада ішла з кветкамі віншаваць сяброўку. У першы раз яе тлумачэнне сілавікі прынялі, другі раз — у раёне Кафедральнага сабора — ужо не і забралі. Гэта было прыкладна ў 15:00 (у пратаколе пазначаны час 15:10-15:30).
Па яе словах, ніякага шэсця або мноства людзей у месцы затрымання не было — усё, як у звычайны дзень. Ніякіх лозунгаў яна таксама не выкрыквала.
У аўтазаку, па яе словах, распылілі газ, хоць ехалі толькі дзяўчаты і ніхто не супраціўляўся.
Справу Вольгі адправілі на дапрацоўку. Наступны разгляд — у 14:10.
Да гэтага Хіжынковай далі магчымасць пагаварыць з мужам. Яна сказала, што ўмовы ўтрымання на Акрэсціна нармальныя, папрасіла яго даць правільныя таблеткі гадаванцу і перадаць ёй кнігу Акуджавы. Сказала, што маральна гатовая да 15 сутак.
***
У нядзелю, 8 лістапада, Вольга Хіжынкова была затрыманая і дастаўленая ў Заводскае РУУС. Пазней яе перавялі на Акрэсціна.
Пасля выбараў яна неаднаразова выказвала сваё меркаванне аб сітуацыі ў Беларусі і выступала супраць гвалту. У верасні Вольга Хіжынкова пазбавілася працы ў Нацыянальнай школе прыгажосці праз актыўную грамадзянскую пазіцыю.