Фтызіятр Мікалай Козіч працаваў у Гомельскай абласной сухотнай клінічнай бальніцы. Сёння ён выйшаў на пост пасля 15 сутак арышту і даведаўся, што звольнены.

Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак

Мікалая затрымалі 26 кастрычніка за адзіночны пікет пад сценамі бальніцы. Ён стаяў у халаце і з плакатам «Жыве Беларусь». Гэта, дарэчы, ужо другі яго тэрмін. У верасні за ўдзел у ланцугу салідарнасці ў Жлобіне (Мікалай з жонкай ездзілі туды да бацькоў) 27-гадоваму доктару далі 8 сутак.

Сёння а 9-й Мікалаю ўручылі працоўную кніжку і загад аб звальненні. Афіцыйная прычына звальнення — невыкананне працоўных абавязкаў.

Раней, па словах хлопца, прэтэнзій да яго працы не было. Але пакуль сядзеў на сутках, касякі знайшлі.

«Недзе не быў назначаны паўторны аналіз, адно, другое. За гэта напісалі вымову. Плюс у нас ёсць журнал працягнення бальнічных лістоў. Яго пішуць дактары і загадчыца. Загадчыца аддзялення памылкова напісала майго пацыента на няправільную дату. А ў выніку вінаваты аказаўся я, і за гэта таксама вымова», — расказвае Мікалай.

Сваіх палітычных поглядаў ён не хаваў. Падчас перадвыбарчай кампаніі быў актыўны, тлумачыў калегам і пацыентам, што трэба галасаваць за Ціханоўскую.

«Пасля першых адбытых васьмі сутак са мной праводзілі гутаркі, што, маўляў, не трэба нікуды хадзіць, гэта, як бачыш, нічога не змяніла. А адразу пасля другога затрымання галоўны доктар сказала мне, што са мной бальніца расстанецца, што максімум я дапрацую да канца кантракта (то-бок да ліпеня) і што прычыну для звальнення яна знойдзе. Але, відаць, вырашылі не адцягваць гэтае пытанне», — дзеліцца малады доктар.

Разам з жонкай Мікалай жыў у інтэрнаце — цяпер ён мусіць вызваліць пакой у трохдзённы тэрмін.

«Наша Ніва» звярнулася ў бальніцу. У аддзеле кадраў каментаваць сітуацыю не сталі, спаслаўшыся на тое, што не маюць для гэтага паўнамоцтваў. Галоўная доктарка Наталля Жураўлёва ад ранку была занята на селектарнай нарадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?