11 кастрычніка Канстанціна Я. затрымалі ля Стэлы, роўна праз месяц, 11 лістапада, яго судзілі па «народным» артыкуле 23.34. Мужчына атрымаў штраф 20 базавых. Па сённяшніх мерках можна было б сказаць, што Канстанцін лёгка выкруціўся — каб не абставіны яго затрымання.

«У нядзелю 11 кастрычніка я ішоў непадалёк ад Стэлы. Людзі збіраліся на мітынг, раптам з’явіліся мікрааўтобусы, высыпалі сілавікі. Пачаліся затрыманні. Я проста спыніўся — і пасля прыйшоў у прытомнасць ужо ў аўтазаку, — расказвае Канстанцін. — Адкрыў вочы ў адсеку, нас у ім пяцёра. Мне за спінаю звязалі рукі, на галаву нацягнулі капюшон. Я адчуваў, што з галавы цячэ кроў, але хто мяне і чым параніў, што здарылася — я не памятаў.

Мне было кепска, мяне званітавала. Я папрасіў аднаго з затрыманых дапамагчы — ён зубамі сцягнуў з мяне капюшон».

Канстанцін кажа, што пасля яго даставілі ў Заводскае РУУС. Там вадзілі па кабінетах, трымалі ў актавай залі.

«Я правёў там гадзіны тры. Далі нейкія пратаколы на подпіс, я быў у такім стане, што падмахнуў не разбіраючы. Пасля самі міліцыянты пацікавіліся, як я сябе адчуваю. Я не асабліва скардзіўся, было мутна, але сказаў, што пакуль жывы», — згадвае мужчына.

Пасля прыехала хуткая, Канстанціна і яшчэ некалькіх чалавек забралі ў бальніцу. З кожным паехаў канвойны.

«Мяне адвезлі ў Бараўляны. Пакуль рабілі здымкі і МРТ, той канвойны, як сказаў доктар, «збег». Я сам са Слуцка — мяне забралі сябры, пасля я ляжаў у слуцкай бальніцы.

Дыягназ мой: лёгкая чэрапна-мазгавая траўма.

Чым яна нанесеная, у эпікрызе не ўказана. Але я ўпэўнены, што мае траўмы не ад удара дубінкай. На галаве была такая кропкавая рана — лічу, што стралялі з траўмата. Ці зачапіла гумавай куляй, — разважае Канстанцін.

— Заяву па па сваіх траўмах я не пісаў — не бачу сэнсу. Але калі ў Слуцку мясцовыя дактары даведаліся, што я атрымаў траўмы на мітынгу, самі выклікалі міліцыю. У мяне ўзяў паказанні нейкі мясцовы міліцыянер, даў накіраванне на зняццё пабояў. Я іх зняў, мяне выклікалі нават у СК Заводскага раёна Мінска… Але наколькі мне вядома, сёння справа не заведзеная, прынамсі, я не знаходжуся ў статусе пацярпелага. Ды і ўсё роўна ж я не магу патлумачыць, што адбылося і хто мяне параніў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?