У Мінску ўведзены абавязковы масачны рэжым. Прычым не толькі для работнікаў, але і для наведвальнікаў усіх без выключэння аб'ектаў сталіцы, паведамляе Мінгарвыканкам у сваім тэлеграм-канале.
Насіць маску таксама абавязкова ў грамадскім транспарце, метро, маршрутных таксі, таксі.
Адпаведныя змены ў рашэнне №1069, якім зацверджаны меры па прафілактыцы вострых рэспіраторных інфекцый і каранавіруса ў горадзе Мінску, унесены сёння на пасяджэнні Мінскага гарвыканкама.
Кантроль за выкананнем патрабаванняў распаўсюджвання вірусных інфекцый і COVID-19 ў горадзе ўзмоцняць з сённяшняга дня, гаворыцца ў паведамленні.
Рашэнне абавязвае кіраўнікоў арганізацый усіх форм ўласнасці прыняць неабходныя меры па выкананні санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.