Фота з сацыяльных сетак.

Фота з сацыяльных сетак.

31-гадовы жыхар Мінска Раман Бандарэнка быў учора ўвечары затрыманы сілавікамі на т.зв. «плошчы Перамен» — квартале між мінскімі вуліцамі Чарвякова і Сморгаўскі тракт. Праз кароткі час у Цэнтральнае РУУС была выклікана хуткая дапамога. Яна забрала мужчыну непрытомным.

Дактары з Бальніцы хуткай дапамогі перадалі ў СМІ дыягназ Рамана Бандарэнкі: цяжкая закрытая ЧМТ, вострыя субдуральныя гематомы на галаве, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак.

Стан хлопца цяжкі. Ён у коме. Па шкале комы Глазга ў яго — 4Б.

Чытайце таксама: «Ён між жыццём і смерцю»: медык расшыфраваў скарот «ШКГ 4б» з выпіскі збітага Бандарэнкі

Раман Бандарэнка жыў на вуліцы Чарвякова ў Мінску, не на самой «Плошчы Перамен», але побач з ёй.

«Плошчай Перамен» называюць свой квартал жыхары аднаго з мінскіх мікрараёнаў. Такая назва прыжылася пасля таго, як жыхары гэтага жылога комплекса намалявалі на адной са сцен мурал з дыджэямі перамен. Лукашэнкаўцы рознымі спосабамі замалёўвалі гэты мурал 14 разоў, але жыхары яго аднаўлялі. У гэтым квартале склалася моцная супольнасць. Жыхары запрашаюць музыкаў на вечаровыя канцэрты, самаадукоўваюцца на лекцыях і ўпрыгожваюць прастору нацыянальнай сімволікай.

11 лістапада Бандарэнка пабачыў у чаце, што ціхары чарговы раз зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі, і вырашыў не заставацца дома.

«Прыехалі ў цывільным шэсць мужчын і тры жанчыны. Жыхары шматпавярховікаў тут жа напісалі пра гэта ў мясцовым чаце. Сярод тых, хто вырашыў выйсці на вуліцу, быў 31-гадовы Раман Бандарэнка, ён паспеў напісаць: «Я выходжу!» Паміж чалавекам у балаклаве і невядомым хлопцам завязалася нейкая спрэчка, Рома ў ёй не ўдзельнічаў, ён стаяў побач і слухаў, — кажа сведка падзей. — Потым ён нешта сказаў, і чалавек у балаклаве спытаў: «Ты чаго борзы такі?» Адштурхнуў Рому, той спрабаваў ухіліцца, але невядомы схапіў яго і з усёй сілы адкінуў да горкі на пляцоўцы. Ён моцна стукнуўся галавой», — расказалі мясцовыя жыхары парталу Tut.by.

«Наша Ніва» пагаварыла са стрыечнай сястрой Рамана.

«Сведкі сказалі яго маме, што Рамана закінулі ў бус, пасля бус вельмі моцна трэсла — магчыма, яго білі? — задаецца пытаннем сястра. — Потым яго адвезлі ў РУУС. Рома быў у запаволеным стане, яго пачало ванітаваць. Але чамусьці ў РУУСе ён правёў ажно 2 гадзіны, — расказвае сястра. — Пасля ён трапіў у бальніцу, дзе зрабілі аперацыю. 

Сёння ў бальніцы кансіліум, прыехаў нейкі прафесар. Кажуць, каб раней прывезлі ў бальніцу, то былі б нейкія шанцы, а цяпер шанцаў мала зусім. Дактары кажуць, што яго вельмі позна даставілі. Цяпер Раман у коме».

Вось дакумент, перададзены дактарамі:

Сястра кажа, што Раман быў асцярожным чалавекам, на Маршы не выходзіў: «Мне казаў, што ведае, што могуць з ім зрабіць, калі затрымаюць, бо ён служыў у спецназе — часці 3214 Унутраных войскаў».

Раман адслужыў у спецназе ўжо пасля Акадэміі мастацтваў.

Працаваў апошнім часам дырэктарам адной з крамаў «Востраў чысціні». Ён прыйшоў туды ўвогуле адміністратарам, паступова дарос да дырэктара, распавяла яго сястра.

Міліцыя адрэагавала на сітуацыю словамі «канфрантацыя поглядаў». Паводле праваахоўнікаў, у двары «біліся невядомыя». Па гэтым факце, маўляў, праводзіцца, праверка.

«МУС канстатуе: некаторыя грамадзяне з мэтай данясення да асяроддзя свайго асабістага меркавання з нагоды сваёй палітычнай пазіцыі вывешваюць, малююць, наляпляюць недзяржаўную сімволіку на фасадах будынкаў, гарадскіх канструкцыях, асабістых аўтамабілях. Іншыя неабыякавыя грамадзяне аднаўляюць парадак і не дапускаюць парушэння правілаў добраўпарадкавання. З наступствамі падобных канфліктаў, часам вельмі сумнымі, разбіраецца МУС», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Чытайце таксама: «На пляцоўцы была валтузня, а не бойка». Відавочца нападу на Рамана Бандарэнку расказала падрабязнасці інцыдэнту

Між тым журналісты і жыхары Мінска не раз фіксавалі, як здымаюць сцягі і стужкі, замалёўваюць муралы брыгады з удзелам сілавікоў у масках і балаклавах ці пад аховай сілавікоў у балаклавах са спецыяльных падраздзяленняў. Ніякай законнай асновы, каб здымаць нацыянальныя сцягі і стужкі, няма. Таму гэта абгрунтоўваюць нібыта «архітэктурнымі» і т.п. нормамі. Па факце ж знішчаецца ўсё, што нясе ў сабе сімволіку пратэсту або вальнадумства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?