Праграміст Аляксей Маханькоў знік пасля Маршу 8 лістапада. Яго сяброўка Кацярына расказала «Нашай Ніве», што яны дамаўляліся сазваніцца ўвечары, але на званок не адказаў.

Пасля брутальных хапуноў прозвішча Маханькова знайшлі ў спісах Кастрычніцкага РУУС. Нібыта затрымлівалі яго недзе на праспекце Пераможцаў, у раёне вуліцы Мястроўскай, дзе ён і жыве. 

«На наступны дзень яго перавялі ў Жодзіна, — расказвае Кацярына. — Адтуль ён не выходзіў, але 10 лістапада ў спісах ён не з'явіўся». 

Можна было б падумаць, што чалавек дагэтуль на сутках. Але, па афіцыйнай інфармацыі, Маханькова адпусцілі і далі штраф 3 базавыя велічыні — такую інфармацыю «Нашай Ніве» далі ў прэс-службе МУС. 

Але Кацярына пярэчыць. 

«На выхадзе з турмы ў Жодзіне штодзень дзяжураць валанцёры, яны запісваюць звесткі ўсіх, хто выходзіць. Аляксей Маханькоў не выходзіў. Такога чалавека не бачылі і не перапісвалі. Мы пачалі абзвоньваць іншыя месцы: Баранавічы, Магілёў, Акрэсціна, РУУС, куды прывезлі ад пачатку. Нідзе яго няма. Учора мы падалі заяву на знікненне чалавека», — дадала Кацярына. 

Па словах дзяўчыны, маці і сястра Аляксея знаходзяцца за мяжой, сам ён жыве адзін — працуе праграмістам, цяпер дыстанцыйна.

Хваліўся, што з панядзелка падваліць шмат работы, бо намаляваўся нейкі буйны праект, таму, маўляў, не мог вось так пачаць гуляцца ў хованкі з працадаўцамі і блізкімі.

Ягоны сябра, які меў дублікаты ключэй ад кватэры, прыходзіў туды і забраў працоўны ноўтбук. З гэтага блізкія робяць выснову, што і дома Аляксей не з'яўляўся. 

Блізкія спрабавалі адкінуць кепскія думкі і былі схільныя лічыць, што Маханькоў адбывае суткі, але яго дакументы недзе згубіліся. 

Дапоўнена: Вечарам 13 лістапада стала нарэшце вядома, што Аляксей Маханькоў знаходзіцца ў ІЧУ Жодзіна. Атрымаў 10 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?