Абноўлена: у спісах затрыманых за Марш 15 лістапада згадваліся дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій БДУІР Леанід Шылін і намесніца гэтага факультэта Вікторыя Прыгара. Найхутчэй, у спісы затрыманых іх жартам уключылі студэнты. Прыносім прабачэнні за магчымую недакладнасць.

***

У спісах затрыманых пасля Марша 15 лістапада аказалася Вікторыя Мікалаеўна Прыгара. Усе дадзеныя, у тым ліку і дата нараджэння, супадаюць з данымі намесніцы дэкана факультэта інфармацыйных тэхналогій БДУІР.

Вікторыя Прыгара, фота з яе старонкі ў фэйсбуку

Вікторыя Прыгара, фота з яе старонкі ў фэйсбуку

Але ж самае цікавае тут не гэта. Вікторыя Мікалаеўна — жонка Вадзіма Прыгары, начальніка Маладзечанскай міліцыі. Раней ён кіраваў аператыўна-дзяжурнай службай Мінскай вобласці.

«Цяпер я з упэўненасцю магу сказаць, што гэта грамадзяне, якія невыпадкова апынуліся на плошчы», — казаў Прыгара пасля масавых затрыманняў у жніўні 2020 года.

Пасля выбараў ён трапіў у санкцыйны спіс Латвіі.

Вадзім Прыгара

Вадзім Прыгара

Ніякіх афіцыйных пацверджанняў таго, што Вікторыю Прыгару сапраўды затрымлівалі, няма. Валанцёры вядуць спісы палітычных арыштантаў і выстаўляюць у тэлеграм-канал «Спісы затрыманых» інфармацыю пра іх далейшы лёс: адпусцілі, прывезлі ў РУУС, адправілі на Акрэсціна ці ў Жодзіна, ці быў суд. Пра Вікторыю Прыгару няма ніякай інфармацыі, акрамя пазнакі пра затрыманне. 

Сама Прыгара ў панядзелак была на працы. «Наша Ніва» звязалася з ёю, Вікторыя Мікалаеўна не захацела даваць каментары.

«Звязвайцеся з прэс-службай універсітэта. Магу сказаць адно: я законапаслухмяны грамадзянін і патрыёт», — параіла Прыгара.

«Наша Ніва» звязалася з прэс-службай БДУІР. Праз яе Вікторыя Прыгара перадала, што ніякіх затрыманняў не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?