У Гомелі судзяць 26-гадовага Георгія Васіленку паводле крымінальнага артыкулу 339 (злоснае хуліганства). 16 жніўня на масавай акцыі пратэсту ў Гомлі ён разам зь іншымі людзьмі зьняў чырвона-зялёны сьцяг з мачты на плошчы Леніна і замяніў яго на бел-чырвона-белы, піша Радыё Свабода.

Справу разглядае судзьдзя Сяргей Салоўскі (суд Цэнтральнага раёна).

Абвінавачаньне гучала так, што Георгі Васіленка разам зь невядомымі асобамі, «маючы намер на тое, каб учыніць злоснае хуліганства», «наўмысна парушаючы грамадзкі парадак, дэманстратыўна выказваючы сваю ўсёдазволенасьць і выключны цынізм, праяўляючы непавагу да грамадзтва, пагарджаючы агульнапрынятымі нормамі маралі, супрацьпастаўляючы сваю асобу грамадзтву і дзяржаве» зьняў чырвона-зялёны сьцяг і падняў бел-чырвона-белы, які «не зьяўляецца атрыбутам дзяржаўнай улады».

Георгі віну прызнаў часткова. Ён патлумачыў, што 16 жніўня ў Гомелі была акцыя пратэсту. На плошчы было шмат людзей і бел-чырвона-белых сьцягоў.

«Вакол былі бел-чырвона-белыя сьцягі, ва ўсіх людзей быў такі ўнутраны пад’ём, і таму я з групай невядомых мне людзей удзельнічаў у тым, што зьнялі чырвона-зялёны сьцяг і паднялі бел-чырвона-белы. Я зрабіў гэта таму, што ў мяне быў такі ўнутраны эмацыйны падʼём», — тлумачыў жыхар Гомля.

Сьведка-ідэоляг: «Замена дзяржаўнага сьцяга абразіла і мае асабістыя пачуцьці»

Сьведкай на судзе выступіла загадчыца сэктара ідэалягічнай працы аддзелу ідэалёгіі, культуры і па працы з моладзьдзю гарвыканкаму Алена Баркова.

«Дзяржаўны сьцяг зьяўляецца вельмі важны, ён — дзяржаўны сымбаль. Яго выкарыстаньне і прызначэньне рэгулюецца законам, дзе прапісана, калі і дзе сьцяг выкарыстоўваецца, трэба забясьпечваць паважлівае стаўленьне да яго», — тлумачыла на судзе ідэоляг.

Яна зазначыла, што замена сьцяга магла пацягнуць «абразу пачуцьцяў грамадзян Беларусі».

«Мне тэлефанавалі знаёмыя і скардзіліся, што гэта недапушчальна — замена дзяржаўнага сымбалю на незарэгістраваную сымболіку. Я была абураная таксама. Замена дзяржаўнага сьцяга абразіла і мае асабістыя пачуцьці і шмат каго, бо мне тэлефанавалі людзі, у якіх гэта выклікала крайне нэгатыўную рэакцыю», — зазначыла сьведка.

Міліцыянт: «Нам сказалі ня ўмешвацца, каб не накаляць абстаноўку»

На судзе сьведчылі супрацоўнікі міліцыі, якія ў той дзень прысутнічалі на плошчы Леніна, але стаялі за плотам. Яны бачылі, як група асоб замяніла сьцяг, і паведамілі пра гэта ў «апэратыўна-сытуацыйны цэнтар».

«Нам адказалі, каб мы ня ўмешваліся, а толькі назіралі, каб не накаляць абстаноўку. Людзі паклалі сьцяг каля плоту, мы яго забралі і занесьлі ў палац Румянцавых і Паскевічаў», — распавёў адзін з міліцыянтаў.

Суд працягнецца 23 лістапада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0