Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да доктара Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, які падзяліўся данымі пра медагляд Рамана Бандарэнкі з журналістам.
Крымінальная справа заведзена па ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («разгалошванне медыцынскай таямніцы»).
«Тым самым ён выдаў медыцынскую таямніцу, пры гэтым прадставіў недакладную інфармацыю», — удакладняецца ў паведамленні Генпракуратуры.
Ведамства адзначае, што такія дзеянні з боку доктара і журналіста пацягнулі за сабой «цяжкія наступствы, якія выказаліся ў падвышанай напружанасці ў грамадстве, стварэнні атмасферы недаверу да дзяржаўных органаў і памкненняў грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў».
Падазраваных затрымалі, удакладнілі ў Генпракуратуры.
Варта адзначыць, што СК і Аляксандр Лукашэнка заявілі пра тое, што Бандарэнка быў п'яны, пасля чаго медыкі перадалі ў СМІ медыцынскія дакументы, якія сведчылі, што ў крыві Бандарэнкі быў нуль алкаголю.
31-гадовы мастак Раман Бандарэнка быў схоплены людзьмі ў масках, калі выйшаў абараняць мурал у двары дома на вуліцы Чарвякова.
Як паказалі журналісцкія расследаванні, сярод гэтых людзей былі асобы, падобныя да хакейнага трэнера Дзмітрыя Баскава і інструктара часці Унутраных войскаў 3214 Дзмітрыя Шакуты. Яны перадалі яго АМАПу. Праз некалькі гадзін хуткая дапамога забрала Бандарэнку з Цэнтральнага РУУС непрытомным. Яшчэ праз дзень ён памёр.
Бандарэнка ў 2014—2015 гадах адслужыў тэрміновую службу ў той самай часці 3214, дзе служыць Шакута.
Баскаў і Шакута — людзі, блізкія да сям'і Аляксандра Лукашэнкі.
Учора ў тэлеграм-каналах з'явіўся аўдыёзапіс тэлефоннай размовы людзей з галасамі, падобнымі да Баскава і Шакуты, у якой тыя сцвярджаюць, што на момант перадачы АМАП Бандарэнка быў у прытомнасці, бо «дзёргаўся», а АМАПаўцы ў аўтобусе яго «абмаладзілі» — на слэнгу сілавікоў гэта азначае збілі.
Даставернасць аўдыёзапісу ніхто не пацвердзіў і не абверг, Баскаў і Шакута недаступныя для журналістаў.
У аўдыёзапісе голас, падобны да Баскава, кажа другому Дзіму, што «Наташа» ўжо сустрэлася з «Казакевічам» — гэта прозвішча намесніка міністра ўнутраных спраў па гэтым пытанні. «Карацей, яна там ужо ездзіла сустракалася з кімсьці, размаўляла, там яны разбіраюцца цяпер. Папярэдзіла ўсіх, што там, калі што, то нас не было нідзе».
Пакутніцтва і смерць Рамана Бандарэнкі выклікала шок у грамадстве.
На месца, адкуль яго забраў АМАП, прывезлі мора свечак і кветак. Тады ў нядзелю ўвечары лукашэнкаўцы ачапілі гэты двор і вывезлі ўвесь мемарыял. Аблава ў квартале доўжылася 16 гадзін, усяго за тую нядзелю ў Мінску затрымалі больш за 1250 чалавек, большасць з іх — на месцы пакутніцтва Рамана Бандарэнкі.
Дапоўнена: Журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч, якая рыхтавала матэрыял пра стан Рамана Бандарэнкі, перастала выходзіць на сувязь. Пазней яна з'явілася з сілавікамі.





