Літва, Латвія і Эстонія ў пятніцу пашырылі санкцыі супраць афіцыйных асоб беларускага рэжыму, унеслі ў «чорны спіс» міністраў інфармацыі і спорту і супрацоўнікаў міліцыі. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічуc.
Паводле яго слоў, краіны Балтыі скаардынавана дадалі ў спіс 28 імёнаў, каб падтрымаць ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
«У каардынацыі з латышамі і эстонцамі мы вырашылі пашырыць нацыянальныя санкцыі», — сказаў міністр.
Па словах Лінкявічуса, санкцыі супраць беларускіх міністраў інфармацыі і спорту былі ўведзеныя ў адказ на абмежаванне інтэрнэту і пераслед спартоўцаў, якія крытыкуюць рэжым.
У прыватнасці, забарона на ўезд накладзена на міністра інфармацыі Ігара Луцкага, міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука і яго намесніка, а таксама кіраўніка ўнутраных войскаў Мікалая Карпянкова, галоўнага рэдактара выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрыя Жука, журналіста СТБ Рыгора Азаронка, кіраўніка прафсаюзаў Міхаіла Орду і іншых.
У «чорны спіс» краін Балтыі ўжо ўключана больш за паўтары сотні чалавек, якім забаронены ўезд у Літву, Латвію і Эстонію, нагадаў міністр.
Санкцыі ЕС уведзеныя супраць 59 чалавек.





