Сёння звольнілі настаўніцу англійскай мовы сярэдняй школы №40 Надзею Лашэнка-Казакову. У мінулую нядзелю яе затрымалі, пасля чаго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і судзілі па артыкуле 23.34.
У той дзень Надзея разам з сяброўкай Янінай, якая працуе намесніцай дырэктара ў той самай школе, гулялі па Савецкай. Зайшлі перакусіць у рэстаран «Бацькi», а калі праз гадзіну выйшлі, іх адразу ж затрымалі.
У якасці доказаў вінаватасці прад'явілі чэк ад куплі лампадкі і паветраныя шары белага і чырвонага колераў, якія знайшлі ў сумцы жанчыны, і фота з мабільнага тэлефона, дзе захаваны мемарыял Рамана Бандарэнкі ля касцёла.
Суд аштрафаваў настаўніцу на 10 базавых (270 рублёў).
Сёння на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Надзея паведаміла, што яе звольнілі.





