Доктар Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, якога Генпракуратура падазрае ў выдаванні медыцынскай таямніцы, працягвае знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла ягоная жонка Наталля.
Знаходжанне пад вартай яму працягнулі і дазволілі перадачы.
Муж Наталлі працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у БХМД. Ён доктар найвышэйшай катэгорыі, яму 36 гадоў. Наталля таксама доктарка, яны маюць траіх дзяцей. Сям’я жыве ў Пухавіцкім раёне. У чацвер там прайшоў ператрус.
Наталля расказала, што пасля ператрусу апроч камп'ютара і яе тэлефона таксама забралі 50 даляраў, якія знайшлі ў доме.
«Мы адкрытыя людзі. Што шукалі, я не зразумела, бо шукалі ўсюды. Забралі невялікую суму грошай, 50 даляраў, больш валюты не было. Мы іх вырашылі не мяняць, гэта былі грошы з дня нараджэння дзіцяці», — кажа Наталля.
Наталля дзякуе за падтрымку і салідарнасць калегам, аднакурснікам і знаёмым.
19 лістапада была затрыманая таксама журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч. Яна таксама знаходзіцца ў СІЗА КДБ, учора тэрмін утрымання быў працягнуты да 10 сутак.





