22 лістапада ў Мінску затрымалі 34-гадовага праграміста Уладзіміра Чыстафорава. Пратакол традыцыйны — 23.34.

«Уладзімір — тыповы айцішнік. Ціхі, добры інтраверт, у бойках заўважаны ніколі не быў», — расказала «Нашай Ніве» яго сяброўка.

Пасля затрымання хлопца адвезлі ў Савецкае РУУС, пасля этапіравалі ў Жодзіна.

Сёння Чыстафорава судзілі ў судзе Савецкага раёна Мінска. Суддзя — Алена Жуковіч.

Як перадаюць валанцёры, якія прысутнічалі ў зале суда, гэта было ўнікальнае пасяджэнне. Сведкі з АМАПа прызналі, што на міліцэйскім відэа, прадастаўленым у суд, быў не Чыстафораў, а іншы чалавек. Проста падобныя колеры аддзення.

Чыстафораў з пратаколам быў нязгодны. Суд абвесціў перапынак, каб разабрацца. Але вынік быў традыцыйны — 15 сутак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?