Паводле ўдакладненых звестак, у нядзелю 22 лістапада ў Беларусі затрымалі не менш за 460 дэманстрантаў. Такую лічбу «Наша Ніва» атрымала шляхам супастаўлення імён, вядомых праваабаронцам-вясноўцам і валанцёрам ініцыятывы «Спісы Акрэсціна», і адсейвання імён, якія дублююцца.
Сярод затрыманых — 38 чалавек не ў Мінску. Па-за сталіцай асабліва шмат людзей схапілі ў пасёлку медыкаў Бараўляны (Мінскі раён) — не менш за 17 чалавек, усе мужчыны. І ў Пінску (Брэсцкая вобласць) — не менш за 9 чалавек, сярод іх 4 жанчыны.
Такім чынам, агульная колькасць палітычных затрыманняў па стане на вечар 22 лістапада дасягнула 30 400.
Людзі пратэстуюць супраць беззаконняў і фальсіфікацыі выбараў, патрабуюць сыходу Аляксандра Лукашэнкі і пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі.





