Вядомы дзіцячы рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вітушка ў прафесіі 21 год. Калі ў жніўні яго з сям'ёй затрымалі, адразу пасля вызвалення з Акрэсціна ён паехаў на дзяжурства ў бальніцу. У лістападзе стала вядома, што РНПЦ «Маці і дзіця» не працягвае яму кантракт.

За гады працы доктар Вітушка з калегамі выратаваў шмат маленькіх жыццяў. «Наша Ніва» прыводзіць гісторыі яго пацыентаў і ўдзячных бацькоў.

«Не перажывай, там неанатолагі — багі»

Арсенію сем год. Ён вучыцца ў другім класе, любіць канструктары «Лега» і можа без інструкцыі пабудаваць усё, што заўгодна. Шчоўкае як арэшкі задачкі па матэматыцы. А яшчэ цікавіцца прыродай — дапамагчы бабулі на гародзе яму за свята.

«Вельмі кампанейскі хлопец — яго ва ўсіх калектывах адзначаюць. Энергічны, любіць увагу. З гэтага года займаецца ў тэатральнай студыі: паколькі ён фотагенічны, вырашылі паспрабаваць — раптам у яго нешта атрымаецца на гэтай ніве, — расказвае мама Марыя Рыбіна. — Па прафесіях у яго мяняліся перавагі — то ён хацеў быць ветэрынарам, то фермерам. Марыць, каб у яго быў свой дом у вёсцы з жывёламі — і больш нічога не трэба».

Сын Марыі нарадзіўся вельмі рана, на 31-м тыдні. Хлопчык важыў крыху больш за 1,5 кілаграма.

«Як нам казалі, гэта было звязана з нейкай інфекцыяй. Калі б ён не нарадзіўся тады, то праз інфекцыю мог бы загінуць.

Я была ў першай радзільні. Прыйшла пасля аперацыі ў падкошаным стане ў палату інтэнсіўнай тэрапіі, дзе дзеці ляжалі ў кювезах. І ў гэты момант прыехала мабільная брыгада з РНПЦ «Маці і дзіця», Андрэй Вітушка быў у яе складзе. Яны забіралі некалькі дзетак на выходжванне.

Я, канечне, не ведала тады, хто ён, але вельмі добра запомніла яго твар. Андрэй мяне супакоіў, сказаў, што такое бывае, што шанцы на папраўку ў сына добрыя. Калі дзіця забралі ў «Маці і дзіця», ад многіх знаёмых чула: ты не перажывай, там неанатолагі — багі, яны добра робяць сваю працу. Я запомніла Андрэя як такога анёла-ахоўніка.

Амаль месяц дзіця ляжала без мяне, за яго жыццё змагаліся, былі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Давялося рабіць пераліванне крыві, былі пытанні са зрокам. На шчасце, усё абышлося, дыягназы паступова здымаліся».

У сям’і трое дзяцей, Арсеній — сярэдні. Мама не хавае: калі была цяжарная малодшым, унутраная апаска, што сітуацыя можа паўтарыцца, не пакідала.

«Але калі мяне паклалі ў бальніцу, адразу з’явілася адчуванне, што ўсё будзе добра. Калі паглыбляешся ў тэму, гутарыш з мамамі, бачыш, якая колькасць дзяцей з розных прычын нараджаецца раней за тэрмін, разумееш, што ў нас неданошаных дзяцей добра выходжваюць і ў іх вялікія шанцы на паўнацэннае жыццё».

«Сын цяпер мне кулінарыць дапамагае»

У «Маці і дзіця» пяць год таму нараджала Вольга Багдановіч. Літаральна на другія суткі яе сына перавялі ў рэанімацыю.

«Ніхто ніякай гарантыі даваць не мог. Пакуль я заставалася ў радзільні, а Федзя быў у рэанімацыі, тэлефанавала па некалькі разоў на дзень, удакладняла, як ён. «Стан стабільны, мы патрэбныя працэдуры робім, тое-тое прызначана», — адказвала жанчына на провадзе. Разумею, што мы ўсе тэлефанавалі туды з аднолькавымі пытаннямі, і ім даводзілася па некалькі разоў паўтараць адно і тое ж.

З Андрэем я пазнаёмілася, калі пазней заносіла дзіцяці падгузкі і іншыя рэчы. Ён якраз адчыняў мне дзверы. Я з ім пагутарыла пра сына. Тады заўважыла за Андрэем такую якасць — ён не закрываецца ад людзей, пакуль ёсць пытанні, будзе адказваць. Разумее, што ў чалавека перажыванні, і стараецца псіхалагічна падтрымаць».

Сын Вольгі праляжаў у рэанімацыі тыдзень. Пра доктара Вітушку яна шмат чула ад суседак па палаце. Жанчыны хвалілі яго як спецыяліста, цёпла пра яго адгукаліся.

Цяпер Федзя ходзіць у дзіцячы садок. Актыўны і кемлівы хлопчык, апісвае яго мама.

«Федзя таленавіты, любіць з пластыліну ляпіць. Спрабавалі ў спорт аддаць, на барацьбу, але, відаць, ранавата пакуль, не пайшло. Яму вельмі падабаецца мора і марскія жывёлы. Сын мне кулінарыць дапамагае», — расказвае Вольга.

Тую дапамогу доктара на першых днях жыцця Федзі яна дагэтуль памятае.

«Я калі даведалася, што з Андрэем так абышліся, не працягнулі кантракт, адгукнулася ў сацсетках і напісала яму словы падзякі».

«Дачка знаходзілася ў рэанімацыі 11 сутак»

«Маё знаёмства з доктарам адбылося ў 2010 годзе, калі дачка нарадзілася на 30-м тыдні, — дзеліцца Юлія Быкава. — Цяжарнасць была складанай, пастаянна на захаванні і леках. Нараджала я ў 6-й радзільні, а праз суткі ўночы на спецыяльнай машыне дачку перавезлі ў РНПЦ «Маці і дзіця». Пакуль яна знаходзілася ў рэанімацыі, я вымушана была яшчэ заставацца ў бальніцы па стане здароўя.

Калі з’явілася магчымасць патрапіць да дачкі, я сустрэла маладога доктара, які курыраваў яе, і была вельмі здзіўлена, што ён размаўляе па-беларуску.

Дзіця знаходзілася ў рэанімацыі 11 сутак. Прыязджаць можна было кожны дзень у пэўны час. Быў страх, што штосьці можа пайсці не так, але доктар вельмі падтрымліваў».

Для Юліі гэта дзяўчынка была асабліва чаканай. Папярэдняя цяжарнасць скончылася заўчаснымі родамі, і хлопчык не выжыў.

«У гэтую цяжарнасць мы былі ўжо ўзброены. Дый дзяўчаты больш жывучыя. Дачка нарадзілася вагой 1450 грамаў. У месяц ёй рабілі лазерную аперацыі па карэкцыі зроку, але цяпер, здаецца, усё ў парадку».

10-гадовая Маша ходзіць на гурткі па маляванні і рукадзеллю. Займаецца спортам — валейболам і плаваннем. «Разумніца і прыгажуня», — не нарадуецца мама.

«За доктарам Вітушкам я пасля сачыла ў фэйсбуку. Як ён актыўна наведвае канферэнцыі, каб пасля давесці да калег і бацькоў неданошаных дзяцей неабходную інфармацыі. Гэта доктар, які займаецца сваёй любімай справай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?