Беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка, якая адседзела 15 сутак на Акрэсціна, звярнулася да прэзідэнта IIHF Рэнэ Фазеля. У лісце яна закранула тэмы гвалту ў Беларусі і чэмпіянату свету па хакеі — 2021, піша Tut.by.

Фота з архіва Алены Леўчанка

Фота з архіва Алены Леўчанка

— Добры дзень, спадар Фазель. Мы незнаёмыя, і я больш чым ўпэўненая, што вы ніколі не чулі пра мяне. Мяне завуць Алена Леўчанка, 25 гадоў я прафесійна гуляю ў баскетбол. Абараняла Беларусь на міжнароднай арэне на працягу доўгіх гадоў, удзельніца дзвюх алімпіяд, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, найлепшая цэнтравая чэмпіянату свету 2010 года, фіналістка жаночай NBA.

Я заўсёды ставілася да тытулаў як да выніку сваёй кар'еры і ніколі не выкарыстоўвала іх, каб вырашаць складаныя пытанні. Таму і да сёння, я хачу звярнуцца проста як беларуска, і звярнуцца не як да уплывовай, аўтарытэтнай фігуры з свету спорту, а перш за ўсё як да чалавека, якому, я ўпэўненая, будзе неабыякава пачуць мяне.

Я ведаю, што правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў маі 2021 года пад вялікім пытаннем з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Але я хацела б сказаць, што ад вашага рашэння будзе залежаць зусім не тое, ці адбудуцца запланаваныя матчы ў Мінску, зыходзячы з гэтага рашэння стане ясна, ці падтрымлівае хакейны свет у вашым твары гвалт і генацыд.

Пандэмія паказала нам, што спорт немагчымы без заўзятараў. Ён проста не мае сэнсу без людзей на трыбунах. Заўзятары — гэта актыўныя грамадзяне любога грамадства. Кожны мае пашпарт, а кожны дарослы можа галасаваць. Таму нельга са спорту проста ўзяць і выключыць людзей і сказаць, што мы па-за палітыкай. І вас як чыноўніка, і мяне як спартоўца проста няма без заўзятараў.

Я разумею, што ўсё, чаго вы хочаце, гэта бачыць зноў Мінск такім жа, якім вы яго запомнілі: чыстым, светлым, ціхім. Згуляць турнір і забыцца пра гэта… але вы не зможаце правесці чэмпіянат і не заўважыць людзей.

Беларусы, мы народ, мы — нацыя. А Чэмпіянат свету па хакеі — гэта свята.

Але як можна святкаваць, калі беларусы крычаць ад болю? Ніводны чалавек у 2020 годзе не мае права забіваць і калечыць іншага проста таму, што ён мацней і ў яго руках зброя.

30 тысяч беларусаў за апошнія чатыры месяцы прайшлі праз турмы. І калі вы ведаеце гэта і нічога не робіце, значыць, вы заахвочваеце гэта. Вы проста стаіце на другім баку дарогі і назіраеце.

Жыццё кожнага чалавека важнае, правы кожнага чалавека роўныя. І ні ў каго з нас не будзе магчымасці пражыць гэтае жыццё другі раз. Ваша рашэнне будзе вельмі важным, і яно зусім не пра хакей.

У прэсе я чытала, што ў найбліжэйшы час вы плануеце асабіста сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб абмеркаваць усе нюансы па чэмпіянаце свету. Якіх гарантый вы хочаце? Абяцанняў, што людзі перастануць змагацца за свабоду, выходзіць на вуліцы і выказваць сваё меркаванне і нязгоду з тым, што адбываецца?

Я ўпэўненая, што вам гарантуюць бяспечную прагулку па Мінску, выдадуць персанальную ахову, і людзі ў балаклавах будуць дзяжурыць у кожным двары па шляху вашага руху, не дапускаючы ніводнага мінака бліжэй чым на сто метраў.

Для вас могуць перакрыць вуліцы і аўтамабільны рух, вы трапіце ў рэстараны, якія будуць адкрыты толькі для вас і зачыненыя для ўсіх астатніх. Вас не закране той жах, які тычыцца мільёнаў беларусаў. Але я сумняваюся, што такія дзеянні з'яўляюцца нармальнымі для Швейцарыі, грамадзянінам якой вы з'яўляецеся.

Я не здзяйсняла злачынства, але была арыштаваная, асуджаная двойчы, адседзела 15 сутак на Акрэсціна. Без гарачай вады, без ацяплення, без медыкаментаў, без пасцельнай бялізны, сліў каналізацыі быў адключаны, а кароткую прагулку даводзілася чакаць пяць дзён. І гэта было марай — такая простая мара: убачыць неба. Я спала на жалезных бэльках, у мяне з'явіліся вошы.

Адной з маіх сукамерніц была грамадзянка Швейцарыі - яе завуць Наталля Хершэ. Цяпер яна асуджаная на два з паловай гады за тое, што сарвала балаклаву з байца АМАПа. Таму што супрацоўнік сіл правапарадку павінен гэты парадак выконваць і ахоўваць, а не хаваць свой твар, як рабаўнік банка з дэтэктыўнага фільма.

Ведаеце, Наталля Хершэ вельмі светлая, добрая, яна ўмее кахаць. У яе ёсць блізкія і сям'я. Яна не злачынца. Таму я веру, што сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам вы хочаце толькі для таго, каб яна была вызваленая як мага хутчэй.

Я веру, што сустрэцца з ім вы маеце намер, каб асабіста сказаць, што вы супраць гвалту, а катаванням у XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы няма месца. Што сусветны хакей ніколі не падтрымае дыктатуру, бо правы чалавека — гэта самая галоўная каштоўнасць. І што Дзмітрый Баскаў не можа займаць пасаду старшыні хакея Беларусі (пасля інцыдэнту з гібеллю Рамана Бандарэнкі).

Спадзяюся, менавіта гэта і ёсць сапраўдная мэта вашага візіту. Сёння кожны беларус, выходзячы на вуліцу, не ўпэўнены, вернецца ён дадому ці не. Ведаць нумар свайго тэлефона, нумар адваката і адрас турмы становіцца як бы штодзённым абавязкам. У кожнага ёсць хоць бы адзін сябар, знаёмы ці блізкі, які пабываў за кратамі.

Заканчваючы свой зварот да вас, я хацела б сказаць, што калі мы глядзімся ў люстэрка, то застаемся сам - насам са сваім сумленнем, а калі мы засынаем, у нас няма ніякіх тытулаў, рэгалій і званняў. Улада і ўплыў патрэбныя толькі для таго, каб змяняць свет да лепшага. Дазвольце нам паважаць вас як чалавека.

Беларуска Алена Леўчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0