Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан на прэс-канферэнцыі ў суботу абвясціў, што ў Лондане і на паўднёвым усходзе Англіі з апоўначы нядзелі ўводзіцца новы, чацвёрты ўзровень абмежаванняў у сувязі са з'яўленнем новага штаму каранавіруса, піша Бі-бі-сі.

Неўзабаве пасля прэм'ера Брытаніі аб увядзенні жорсткіх каранцінных мер абвясцілі кіраўнікі ўрадаў Уэльса і Шатландыі. Уезд і выезд з Шатландыі, дзе колькасць выпадкаў заражэння новым варыянтам віруса дасягнула 17, на Каляды забароненыя.

Ва Уэльсе адмяняюцца калядныя ўрачыстасці, на ўсёй яго тэрыторыі ўводзіцца лакдаўн, заявіў першы міністр Марк Дрэйкфорд пасля нарады з экспертамі аб развіцці сітуацыі з новым варыянтам каранавіруса.

Новы штам каранавіруса вядомы як VUI-202012/01. Па словах Борыса Джонсана, ён можа быць нашмат небяспечнейшы за вядомы навукоўцам варыянт.

«Ён можа быць на 70% больш заразны, чым стары варыянт», — сказаў прэм'ер, дадаўшы, што гэта папярэдняя інфармацыя, і новы варыянт віруса яшчэ даследуецца.

Такім чынам, адмяняюцца ўсе паслабленні, якія ўлады абяцалі брытанцам на Каляды, людзей просяць як мага больш часу праводзіць дома, зачыняюцца ўсе крамы, акрамя неабходных, цырульні і спартклубы.

Мець кантакты жыхарам розных хатніх гаспадарак можна будзе толькі адзін на адзін і на вуліцы.

«Я ведаю, з якімі эмоцыямі людзі ставяцца да гэтага часу года. […] Я ведаю, якім гэта будзе расчараваннем», — адзначыў прэм'ер.

Чацвёрты ўзровень абмежаванняў пакуль уводзіцца на два тыдні, да 30 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0