Сыход суддзяў у адстаўку па ўласным жаданні — нетыповая з'ява. Проста так звольніцца нельга, трэба чакаць прэзідэнцкага указа аб масавых прызначэннях і адстаўках. У свежым указе (№487 ад 24 снежня 2020) налічылася пяць чалавек, якія вырашылі сысці. У некаторых з іх пяцігадовы кантракт пачаўся два месяцы таму — але суддзі звольніліся.

Хто гэтыя людзі? Удакладнім, што матывацыя суддзяў не трапляе ў публічны доступ. Для кагосьці прычынай можа быць грамадская пазіцыя, для іншых стан здароўя ці іншая аргументацыя.

Аляксей Бычко, Мінскі гарадскі суд

Стаў суддзёй Цэнтральнага раёна Мінска яшчэ ў 2004 годзе. У канцы 2000-х даваў па 15 сутак і маладафронтаўцам, і прадпрымальнікам, і палітыку Віктару Івашкевічу.

У 2011 годзе суддзя трапіў пад санкцыі Еўрасаюза. У 2012 пайшоў на павышэнне ў Мінскі гарадскі суд.

Кантракт Бычко дзейнічаў да 2022 года, але ён вырашыў сысці датэрмінова.

Аляксей Кісляк, суд Ленінскага раёна Мінска

Гэты суддзя адпрацаваў з новага пяцігадовага кантракта трохі больш за год — і папрасіўся ў адстаўку. Да выбараў праз яго прайшлі як мінімум 15 працэсаў. Кісляк судзіў у тым ліку Міколу Статкевіча, Эдуарда Пальчыса, пісьменніка Уладзіміра Арлова.

Кісляк нікога не адправіў на суткі, але даваў буйныя штрафы. У базе сайта Zubr.cc няма ніводнай палітычнай справы, якую яму б даручылі правесці пасля выбараў.

Іван Касцян, суд Цэнтральнага раёна Мінска

Гэта ўнук экс-дэпутата Сяргея Касцяна, зацятага прыхільнага славянскага адзінства.

Іван Касцян працаваў суддзёй з 2017 года. Судзіў многіх вядомых дзеячаў апазіцыі — Юрася Губарэвіча, Мікалая Казлова, Змітра Дашкевіча, Ніну Багінскую, Максіма Вінярскага… Даваў 15 сутак Паўлу Севярынцу.

Па артыкуле 23.34 агулам выдаў штрафаў на 60 тысяч рублёў, прысудзіў 139 сутак

Таццяна Трапашка, суд Жодзіна

Новы пяцігадовы кантракт у яе пачаўся… толькі два месяцы таму.

У базе Zubr.cc пазначана тры палітычныя працэсы, якімі займалася Трапашка. Усе тры разы яна давала дэманстрантам па 10 базавых велічыняў і адпускала з СІЗА.

Віталь Янюк, суд Наваполацка

Актыўнасць у Наваполацку была не такая вялікая, у базе няма звестак пра палітычныя працэсы Янюка. Новы кантракт пачаўся ў яго ў лютым 2020 года.

Апроч таго, Уладзімір Космач папрасіўся ў адстаўку з пасады старшыні Ганцавіцкага суда, але застаўся проста суддзёй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0