На Каляды, 24 снежня, журналістка Любоў Лунёва разам з сынам Змітром трапіла ў аварыю. Яны вярталіся з Нарачы з лецішча. Машына вылецела ў кювет, тройчы перакулілася. На шчасце, усе жывыя і без пераломаў. Сёння ў фэйсбуку Любоў Лунёва падзялілася падрабязнасцямі той аварыі.

Фота з фэйсбука Змітра Солтана, сына Любові Лунёвай

Фота з фэйсбука Змітра Солтана, сына Любові Лунёвай

«Калядны цуд, што мы з сынам засталіся ў жывых, ды яшчэ без пераломаў, вылецеўшы ў круты кювет і перакуліўшыся тры разы. У багажніку былі ў пакетах закаткі з падвала. З'ездзілі за імі ў вёску на Нарач.

Шэсць трохлітровых слоікаў памідораў і гуркоў, а таксама чатыры слоікі кампотаў у палёце разбіліся дашчэнту. Ніводны не прыляцеў у галаву. Але салон… Бо гэта кампот чарнічны, парэчкавы, грушавы і з агрэсту. Колеравая гама, ну і пах…

Кіроўцы прыбеглі на дапамогу. Машына ляжала на баку кіроўцы. Спачатку выбраўся сын. Пасля гэтага заклінавала дзверы. Стала моцна пахнуць бензінам. Мужчыны спрабавалі разбіць для мяне лабавое шкло, але яно і праўда не разбіваецца. Нарэшце атрымалася адкрыць пасажырскія дзверы. Адзін мужчына пачаў крычаць: «Адыходзьце! Адыходзьце, цяпер ірване! Мы ёй ужо не дапаможам!»

Некаторыя адбеглі. Але знайшліся мужчыны, якія не паслухалі. Падбеглі і адны трымалі дзверы, а іншыя падставілі рукі, каб я ў іх выпала. Яшчэ пару хвілін, і да іх далучыліся іншыя. Наваліліся усім светам і перакулілі машыну на колы. На ўсялякі выпадак адключылі клему ад акумулятара. Усе дзверы, крылы і дах усмятку.

Кажу: «Якое шчасце. Дзякуй Пану Богу за тое, што жывыя. Машына — гэта, вядома… Цікава: куды ж мая шапка падзелася?».

Адзін мужчына кажа: «Гэта вы зараз проста на адрэналіне. У вас шок ад такога стрэсу. Зараз накрые і будзеце плакаць». Кажу: «Так чаму ж мне плакаць? Толькі ад радасці, што так усё абышлося. Мы ж жывыя, а маглі загінуць».

Мяне пачалі запэўніваць, што на самой справе я перажыла страшны стрэс. І тады я сказала:

— Дарагія мае, я журналістка. І я з сярэдзіны ліпеня на ўсіх разгонах акцый, яшчэ са стадыі збору подпісаў. Пад шумавымі гранатамі, пад гумовымі кулямі, пад вадамётамі, пад грукат дубінак… Вось там стрэс. А тут велізарная непрыемнасць са шчаслівым канцом».

І тады ўсе вакол засмяяліся. Адзін хлопец сказаў: «Ды ўжо, я быў каля «Рыгі». Гэта, скажу я вам, яшчэ той стрэс».

У панядзелак, 28 снежня, павінны адбыцца разгляд адміністрацыйнай справы Любові Лунёвай. Разам з Іванам Куракевічам яна была затрыманая 7 снежня на Маршы пенсіянераў. Івану Куракевічу прысудзілі 15 сутак, а спадарыню Любоў тады шпіталізавалі, ёй зрабілася кепска.

Наконт суда яна настроена песімістычна: 

«Год яшчэ не скончыўся. Так што прыйдзецца і на Акрэсціна пабываць. А ўсё ж такі які ж у нас народ спагадны. Мы дапамагаем адно аднаму ў любой сітуацыі. Дапамагчы бо нам больш няма каму. Дзякуй, дарагія мае выратавальнікі!», — напісала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0