Дзяніс Кірэшчанка і Уладзімір Гарох, Tut.by.
У судзе Навагрудскага раёна 29 снежня вынесены прысуд палітычным зняволеным Уладзіміру Гароху і Дзянісу Кірэшчанку, піша spring96.org.
Суддзя Васіль Аляхновіч прызнаў іх вінаватымі (Уладзіміра Гароха — па ч.1 арт. 13, ч.1 арт. 293, ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса, Дзяніса Кірэшчанку — па ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэкса).
Уладзімір Гарох атрымаў 6 гадоў і 6 месяцаў па ч. 1 арт. 293 і 1 год па арт. 368. Шляхам частковага складання канчатковае пакаранне склала 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Дзяніс Кірэшчанка — 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Уладзіміра Гароха затрымалі 18 жніўня. Згодна з абвінавачваннем, гэтым летам ён наўмысна рыхтаваўся да масавых беспарадкаў у Навагрудку і некаторых іншых населеных пунктах і намагаўся прыцягнуць да іх вялікую колькасць людзей. Для гэтага ён планаваў і праводзіў сустрэчы з людзьмі ў Навагрудку і Карэлічах.
Згодна з афіцыйнай версіяй, Гарох падчас сустрэч казаў, што 10 жніўня плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі. Аднак ён не паспеў нічога зрабіць, бо сёмага жніўня яго дзейнасць выкрылі і спынілі міліцыянты.
Таксама яго абвінавацілі ў публічнай абразе Лукашэнкі: 14 жніўня ён размясціў у чаце «Навагрудак для жыцця» «непрыстойныя па форме і прыніжальныя па накіраванасці выказванні…якія ўтрымліваюць негатыўную ацэнку А.Лукашэнкі». У гэты час яго дзеці былі затрыманыя падчас мірных пратэстаў у Мінску.
Дзяніса Кірэшчанку затрымалі 8 жніўня і абвінавацілі па ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэкса (Навучанне масавым беспарадкам). Згодна з абвінавачваннем, 5 жніўня ў Карэлічах падчас сустрэчы з людзьмі паведаміў пра магчымасць выкарыстаць ў якасці зброі і аказання супраціву тэлескапічныя дручкі, а таксама прадэманстраваў, як з імі трэба абыходзіцца. Таксама, згодна з абвінавачваннем, ён паведаміў пра асоб, якія гатовыя ўдзельнічаць у масавых беспарадках, а таксама пра магчымасць аплаты.
На папярэднім пасяджэнні пракурор запатрабаваў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму для Дзяніса Кірэшчанкі і восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму — для Уладзіміра Гароха. Абвінавачаныя віну не прызналі.