Адміністратар тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» і фрылансер-кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі 188 дзён, з 25 чэрвеня. Ён галадае з 15 снежня, калі яму выставілі новыя абвінавачанні — у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, піша Радыё Свабода.

29 снежня Ігара ў СІЗА Жодзіна наведаў адвакат Дзьмітрый Лепрэтар. Ён стараецца бываць у Ігара двойчы на тыдзень.

«Учора Ігар выглядаў і адчуваў сябе задавальняюча, — расказаў Дзьмітрый. — Пры сустрэчах цікавіцца перш за ўсё тым, што адбываецца ў сям’і, як дачка і жонка. Таксама пытаецца пра тое, што адбываецца ў краіне. Ігар вельмі ўдзячны ўсім, хто піша яму лісты і дасылае паштоўкі. Гэта дапамагае адцягнуць увагу ад таго, што яго трымаюць пад вартай. Ігар стараецца адказваць на ўсе лісты, якія яму дасылаюць людзі».

Ігар пакуль не збіраецца спыняць галадоўку. Як расказала Свабодзе ягоная жонка Дар’я, Ігар не скардзіцца на здароўе. Яго штодня аглядаюць турэмныя медыкі, вымяраюць ціск. Складанасцяў з арганізацыяй візітаў адваката няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0