Брытанскія ўлады ўхвалілі для медыцынскага прымянення вакцыну ад каранавіруса, распрацаваную Оксфардскім універсітэтам і кампаніяй AstraZeneca. Брытанія стала першай краінай у свеце, якая ўхваліла прэпарат ад AstraZeneca, піша Бі-бі-сі.
Брытанія замовіла 100 млн доз, і гэтага будзе дастаткова, каб ахапіць 50 млн чалавек. З улікам замовы на вакцыну кампаній Pfizer і BioNTech колькасці доз хопіць для ўсяго насельніцтва краіны.
Вакцына была распрацаваная ў пачатку 2020 года, а выпрабаванні на першым добраахвотніку адбыліся ў красавіку. Затым у тэставанні ўзялі ўдзел тысячы людзей.
У адрозненне ад вакцыны Pfizer і BioNTech, якой для захоўвання патрабуецца тэмпература не вышэй за -70 градусаў Цэльсія, вакцыну ад AstraZeneca можна захоўваць у звычайным халадзільніку, таму яе будзе прасцей транспартаваць.
AstraZeneca паведаміла, што зможа забяспечваць да 2 млн доз вакцыны на тыдзень. У Брытаніі з пачатку масавай вакцынацыі былі прышчэпленыя больш за 600 тыс.чалавек.
Прэм'ер-міністр Борыс Джонсан назваў стварэнне вакцыны трыумфам брытанскай навукі.





