У Беларусі мясцовым уладам дазволілі ўвесці збор для тых, хто перасякае мяжу на машыне. У якасці абгрунтавання прыводзіцца кансалідацыя выдаткаў бюджэту для барацьбы з COVID-19. Гэта прадугледжана Законам «Аб змене Падатковага кодэкса», які быў апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Палажэнне аб мясцовым зборы ўступае ў сілу сёння, 1 студзеня, піша Tut.by.
Што за збор?
Гаворка ідзе аб мясцовым зборы за перасячэнне дзяржаўнай мяжы на машыне праз пункты пропуску.
Плаціць збор трэба будзе, калі максімальная маса транспартнага сродку не перавышае 5 т і ў ім маецца не больш за 8 месцаў для сядзення, акрамя кіроўцы. Па сутнасці, гэта тычыцца ўсіх легкавых аўтамабіляў.
І так, плаціць яго трэба будзе кожны раз пры выездзе за мяжу.
Хто яго ўводзіць і які яго памер?
Уводзіць яго будуць абласныя саветы дэпутатаў на тэрыторыі адпаведных рэгіёнаў. Такое права даецца ім на два гады — з 1 студзеня 2021 года і да 1 студзеня 2023 года.
Стаўкі збору ўстанаўліваюцца абласнымі Саветамі дэпутатаў, у тым ліку ў залежнасці ад максімальна дазволенай масы транспартнага сродку, у межах 3 базавых велічынь (гэта значыць 87 рублёў), незалежна ад колькасці пасажыраў у аўтамабілі.
Хто плаціць, а хто — не?
Плаціць збор будзе кіроўца аўтамабіля да перасячэння мяжы або ў пункце пропуску. Норма распаўсюджваецца як на машыны фізічных асоб, так і на аўтамабілі, якія належаць ІП і арганізацыям.
Не трэба будзе плаціць збор з транспартных сродкаў кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, дыпмісій, а таксама тым, хто едзе на пахаванне, лячэнне (пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў). Вызваляюцца ад выплаты збору інваліды 1-й і 2-й груп, удзельнікі ВАВ, ліквідатары аварыі на ЧАЭС, удзельнікі спартыўных, культурна-масавых і адукацыйных мерапрыемстваў (пры наяўнасці дакументаў).
А калі паедзеш у Расію?
Паколькі ў дакуменце сказана, што плаціць збор трэба за перасячэнне мяжы ў пунктах пропуску, то закране ён толькі тых, хто едзе ў Еўропу ці ва Украіну. Ездзіць у Расею можна будзе без выплаты збору.
Плаціць трэба ўжо зараз?
Пакуль ніводны з абласных Саветаў дэпутатаў не прыняў рашэнне аб увядзенні мясцовага збору.
Рашэнні абласных Саветаў дэпутатаў аб увядзенні збору ўступаюць у сілу з 1-й даты месяца, што ідзе за месяцам іх афіцыйнага апублікавання. То бок, калі нават у найбліжэйшыя дні такое рашэнне будзе прынята ў нейкай вобласці, то яно ўступіць у сілу толькі з 1-га лютага.
Калі ж у нейкім рэгіёне абласны Савет дэпутатаў не прыме рашэнне аб памеры стаўкі збору, то збор будзе лічыцца роўным нулю.





