Следчы камітэт адмовіў у задавальненні хадайніцтваў старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, галоўных рэдактараў газеты «Новы Час» Аксаны Колб, газеты «Народная Воля» Іосіфа Сярэдзіча, журналіста Валерыя Каліноўскага аб вызваленні журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) пад асабістую паруку, піша сайт БАЖ.

Старшы следчы Фрунзенскага (г. Мінска) раённага аддзела Следчага камітэта І. Курыловіч у сваёй пастанове, якая была дасланая заяўнікам, называе хадайніцтвы неабгрунтаванымі, таму яны не могуць быць задаволеныя.

«Падчас папярэдняга расследавання сабраныя вычарпальныя доказы ў дастатковым аб'ёме, якія паказваюць на здзяйсненне Бахвалавай К. А. злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь. Да абвінавачванай Бахвалавай К. А. законна і абгрунтавана прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, падстаў для адмены яе няма».

Раней падобную адмову СК даслаў на хадайніцтвы аб вызваленні Дар'і Чульцовай. Следчы назваў тыя хадайніцтвы неабгрунтаванымі і нематываванымі. Таксама было тлумачэнне, што ў выпадку вызвалення, Чульцова можа схавацца ад следчых органаў і суда, перашкаджаць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы.

Журналісткі Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дар’я Чульцова знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада, калі былі затрыманыя пасля прамой трансляцыі для «Белсата» з разгону сілавікамі акцыі ў Мінску. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру