Памятаеце, як беларусы планавалі даведацца сапраўдныя вынікі галасавання? Лічбавая платформа, незалежныя назіральнікі… Алена Жываглод — адна з тых, хто збіраў пратаколы і лічбы яўкі па ўсёй краіне і пасля рыхтаваў справаздачу пра фальсіфікацыі. Напярэдадні выбараў яна выехала ў Кіеў і так не змагла вярнуцца. За гэтыя паўгода яе бацькі засталіся без працы праз палітыку, а яна сама стала каардынатарам у НАУ.

Фота з фэйсбука

Фота з фэйсбука

«З Беларусі вылецела з парай шкарпэтак і сукенкай»

Алена раней працавала ў сферы маркетынгу. Была дырэктарам па маркетынгу сеткі кінатэатраў «Сільвер Скрын». Кожны тыдзень у яе раскладзе значыліся паходы на прэм’еры. Звыклы лад жыцця змяніў каранавірус.

«У сакавіку я прыняла рашэнне пераехаць да мужа ў Санкт-Пецярбург. Працавала на аддалена, дапамагала весці праекты. Мне хацелася заставацца ў маркетынгу. Я нават паспела скласці рэзюмэ, каб шукаць працу ў новым горадзе.

Я выехала будаваць іншае жыццё, а яно ў сувязі з кавідам замерла. У той час у Піцеры быў строгі каранцін, мы амаль не хадзілі на вуліцу — а ў Беларусі пачаўся моцны грамадзянскі рух. Ужо праз анлайн было зразумела, што адбываецца нешта крутое», — расказвае дзяўчына.

Яна ўспамінае, што ў той час яе сям’я перастала быць апалітычнай. Муж хваляваўся за Расію, дзе абмяркоўваліся папраўкі ў Канстытуцыю, Алена — за Беларусь. Да чэрвеня яна назірала за выбарчай кампаніяй звонку. А пасля не вытрымала і вярнулася ў Мінск.

«Прыехала і зразумела, што горад стаў іншым: на кожнай кухні былі размовы пра палітыку. Абмяркоўвалі, як стварыць сумленныя выбарчыя камісіі. Я таксама падала заяву, каб стаць членам камісіі (зразумела, што мне адмовілі). А сябры запрасілі дапамагаць ініцыятыве «Сумленныя людзі».

Для Алены гэта быў першы вопыт удзелу ў выбарчай кампаніі. Улазіць у палітыку яна не баялася.

«Ці разумела, што ёсць рызыкі? Разумела. Для мяне было важна пачуць ухваленне сям’і. Маё акружэнне было захоплена верай, што цяпер можна ўсё змяніць, што трэба дзейнічаць. Ці разумела, што настолькі сур’ёзна ўсё закруціцца? Не. У мяне адчуванне, што ніхто не асэнсоўваў да канца, што ўсё будзе так. Але з маім характарам і навыкамі немагчыма было заставацца ў баку».

4 жніўня асноўная каманда «Сумленных людзей» выехала ў Кіеў — каб падрыхтаваць справаздачу пра выбары. Так здавалася надзейней: было зразумела, што могуць быць затрыманні актывістаў і збоі ў інтэрнэце.

«План быў, што мы вернемся праз 10 дзён. Мы выехалі наіўнымі: я ўзяла з сабой заплечнік, у якім была пара шкарпэтак і сукенка. І так усе. Мы разумелі, што адбываецца прававое бязмежжа, але была вера, што мы вернемся ў краіну, калі палічым вынікі галасавання і апублікуем іх».

Адлёт актывістаў з мінскага аэрапорта пазней паказалі на АНТ. «Каардынатары і заказчыкі рынуліся за мяжу <…> Каардынатары, безумоўна, добра праінфармаваныя аб планах аб’яднаных штабоў, таму, верагодна, вырашылі адправіцца ў Кіеў, каб дыстанцыянавацца ад таго, на што агітуюць моладзь», — зачыталі ў эфіры. Пасля гэтага пра спакойнае вяртанне ў краіну можна было забыць.

«Назіральнікі дыктавалі лічбы з участкаў па тэлефоне»

У дзень выбараў Алена збірала пратаколы з вынікамі галасавання. Многія назіральнікі не маглі адправіць іх па інтэрнэце, таму проста тэлефанавалі і дыктавалі лічбы.

«Для мяне было здзіўленнем, калі заканчваліся бланкі для галасавання на ўчастках — як сістэма не прадугледзела гэта? А калі з участкаў кшталту Новай Баравой сталі паступаць звесткі пра перамогу Ціханоўскай, было захапленне. Можа, нават адчуванне перамогі, што ўсё гэта рабілася не дарма. А пасля пачаўся разгон АМАПам.

Пасля выбараў мы спалі па 3-4 гадзіны, бо апрацоўвалі даныя. Мы спяшаліся, каб выставіць вынік як мага хутчэй. Гэта цяпер добры кантакт з дыяспарамі, а тады нам дапамагалі валанцёры з Беларусі і было складана: кагосьці затрымліваюць, у кагосьці інтэрнэт адвальваецца».

Чарга на ўчастка №18 у мінскай школе №105. 9 жніўня 2020 г.

Чарга на ўчастка №18 у мінскай школе №105. 9 жніўня 2020 г.

Пасля выбараў Алена з камандай заставалася ў Кіеве. Пасля былі Вільня і Варшава. З мужам дзяўчына не бачылася ўжо паўгода.

«Ёсць людзі, якія паўдзельнічалі актыўна ў перадвыбарчым руху і адключыліся. Ні граму не асуджаю іх, бо ты рэальна змяняеш сваё жыццё, усё сыходзіць на другі план, і з розных прычын не ўсе могуць так зрабіць. Але я вырашыла застацца. Я пражыла б гэтаксама гэты перыяд, нават калі б ведала, што так надоўга зацягнецца ўсё.

Муж казаў: вяртайся назад у Піцер. Можна, напэўна, вярнуцца і не займацца грамадскай актыўнасцю. Але калі весці там тую дзейнасць, якую я вяду, хутчэй за ўсё, гэта небяспечна. Таму муж рыхтуе да пераменаў сваё жыццё, будзе пераязджаць да мяне». 

Бацькі Алены жывуць у Мінску. Абое страцілі працу праз палітыку. Бацьку звольнілі з завода пасля забастовак, цяпер рабочыя судзяцца з кіраўніцтвам. Мама раней працавала ў школе. Пасля выбараў яна выйшла з прафкама, ёй не падабалася, што прафесію педагога заплямілі ўдзелам у фальсіфікацыяй. У выніку маці самой давялося напісаць заяву на звальненне.

«Калі рацыянальна разважаць, то можна цярпець, сядзець роўна на месцы, каб перачакаць. Але радасна, што беларусаў, якія гатовы рызыкаваць, траціць кавалак свайго жыцця, даволі шмат. Гэта людзі, якія, напэўна, у максімальнай форме пакутуюць ад рэжыму, але яны і рухаюць гэтыя настроі», — мяркуе Алена.

«Ёсць чыноўнікі на месцах, якія дзеляцца з намі інсайдамі»

Да НАУ Алена далучылася ў кастрычніку. З Паўлам Латушкам яна пазнаёмілася ў Вільні — звярнулася па дапамогу пры запуску праекта. Пасля ёй прапанавалі стаць каардынатарам у НАУ.

«Калі праводзіць паралелі з бізнэсам, я накшталт выканаўчага дырэктара. Каардыную людзей і працэсы, працу ўнутры каманды і ўзаемадзеянне з іншымі структурамі», — тлумачыць Алена сваю ролю.

Напрыклад, цяпер упраўленне спрабуе наладзіць дыялог з чыноўнікамі, што застаюцца працаваць на месцах. Першыя вынікі ўжо атрымалі. Ёсць чыноўнікі, якія гатовы выказвацца і называць свае імёны, ёсць тыя, хто абазначыў сваю пазіцыю, але могуць прадэманстраваць яе і падтрымаць народ, калі шалі качнуцца. Некаторыя цяпер супрацоўнічаюць з праціўнікамі рэжыму — дзеляцца інсайдамі, напрыклад. З амаль 2000 работнікаў дзяржкіравання, якія звязаліся з НАУ і раскрылі свае даныя, 196 — кіраўнікі арганізацый ці іх намеснікі, 461 — узначальваюць падраздзяленні.

На парадку дня таксама Усебеларускі народны сход. Алена кажа, што яны прапануюць беларусам, як можна паўплываць на гэта «таемнае веча». 

Ініцыятыва «Сумленныя людзі» пасля выбараў працуе з акадэмічнай супольнасцю (студэнтамі і выкладчыкамі) і заводамі. Яны запусцілі таксама платформу хуткай узаемадапамогі, дзе людзі фінансава падтрымліваюць адно аднаго і прапануюць працу.

«Канечне, узнікаюць думкі: а што, калі ўсё надоўга зацягнецца? Але іх адразу адганяеш. Тыя, хто апынуўся за мяжой і застаўся ў НАУ ці «Сумленных людзях», толькі тут і працуюць, не шукаюць, у якую кампанію ўладкавацца. Ніякага альтэрнатыўнага сцэнарыя для сябе не разглядаю». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0