Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала сёння ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Гарызонт», піша БелТА.

Галоўная мэта паездкі — вывучэнне перспектыў развіцця холдынгам «Гарызонт» тэрыторыі ў межах вул.Куйбышава — пр.Машэрава — вул.Чырвоная — вул.Кісялёва, у тым ліку пытанняў магчымага функцыянальнага напаўнення незадзейнічаных будынкаў і збудаванняў, а таксама іх рэканструкцыі. Такое даручэнне было дадзена 5 студзеня Лукашэнкам пры наведванні холдынга.

БелТА

БелТА

«Стаіць задача эфектыўнага выкарыстання кожнага метра тэрыторыі холдынга пад размяшчэнне новых вытворчасцей, каб людзі былі забяспечаны работай і гэтыя вытворчасці прыносілі карысць дзяржаве.

Вывучаецца магчымасць размяшчэння тут навукова-даследчых аб'ектаў, адукацыйнага цэнтра, развіцця вытворчасцей, заснаваных на новых і высокіх тэхналогіях, пашырэння медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Гэта тэрыторыя павінна выкарыстоўвацца з карысцю для дзяржавы і жыхароў краіны», — адзначыла Наталля Качанава. Да гэтай работы будуць актыўна прыцягнуты Міністэрства прамысловасці, гарадскія ўлады, а таксама патэнцыял навуковай супольнасці — ДКНТ і Нацыянальная акадэмія навук.

«Прадукцыя, якую сёння вырабляе холдынг «Гарызонт», павінна быць увязана ў эканоміку і актыўна выкарыстоўвацца ў адукацыйнай сферы, медыцынскай галіне краіны. Часу ў нас няшмат, таму рашэнне па гэтым пытанні павінна быць прынята ў бліжэйшы час», — падкрэсліла ўпаўнаважаная па горадзе Мінску.

Дырэктар кампаніі ЗАТ «Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер» Іна Кавалёва дадала, што на гэты момант распрацавана канцэпцыя рэканструкцыі вытворчага квартала «Гарызонт». «Цяпер яна вынесена на абмеркаванне, каб недзе адкарэкціраваць і пачаць ужо непасрэдную рэалізацыю праекта, — расказала яна. — Першапачаткова тут была тэлевізійная вытворчасць завода «Гарызонт». У далейшым завод перанеслі на вуліцу Соф'і Кавалеўскай і сталі рыхтаваць пляцоўку для рэалізацыі праекта. Гэта цэнтр горада, і неабходна зрабіць найбольш эфектыўныя ўкладанні ў гэта месца». Іна Кавалёва падкрэсліла, што ўпор будзе зроблены на вытворчасць, разлічаную на інтэлектуальную працу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0