Начальнік выбарчага штаба Любові Собаль на выбарах у Дзярждуму Вольга Ключнікава пасля адміністрацыйнага арышту выявіла ў сваім айфоне праслухоўваючую прыладу. Пра гэта Собаль паведаміла ў відэа, апублікаваным у ютуб-канале «Навальный Live», піша meduza.io.
21 снежня Ключнікаву затрымалі каля дома меркаванага супрацоўніка ФСБ Расіі Канстанціна Кудраўцава, верагоднага ўдзельніка атручвання Аляксея Навальнага. Разам з ёй таксама затрымалі аператара «Навальны Live» Акіма Керымава. Абодвух абвінавацілі ў непадпарадкаванні паліцыі, яны правялі пад арыштам па сем сутак.
Пасля выхаду са спецпрыёмніка Керымаў не змог атрымаць свой тэлефон, у той жа час Ключнікавай тэлефон вярнулі, распавяла Собаль.
«Гэта было дзіўна. І таму мы прыгледзеліся да тэлефона лепей і выявілі там праслухоўку», — паведаміла яна.
Вольга Ключнікава ўдакладніла «МБХ медыя», што знайшла «жучок» яшчэ ў спецпрыёмніку, калі ёй у чарговы раз выдалі тэлефон на 15 хвілін, каб пагаварыць з роднымі. «На ім былі скручаныя балты (раней тэлефон не ўскрываўся), а таксама прылада прыкметна збоіла: дадаткі запускаліся і зачыняліся самі па сабе», — распавяла яна.
Ключнікава дапускала, што тэлефон неахайна ўскрылі супрацоўнікі ФСБ.





