Кастрычніцкі суд угледзеў у дзеяннях магілёўца парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Справу разглядала суддзя Жанна Пушкіна, піша «Радыё Свабода».

Да суда Аляксандра Саўчанку тры дні трымалі ў ізалятары.

Сваёй віны актывіст не прызнаў, але адмовіўся даваць тлумачэнні суда.

Як вынікае з матэрыялаў справы, ён сфатаграфаваўся каля стэлы на ўездзе ў Бабруйск са сцягам, на якім быў надпіс «Ямніцкі флот». Гэтае фота апублікаваў адзін з бабруйскіх тэлеграм-каналаў.

Як ён фатаграфаваўся са сцягам, заўважылі міліцыянты, якія ехалі міма. Пазней на магілёўца склалі адміністрацыйны пратакол. У матэрыялах справы ёсць даведка, што ён не звяртаўся ў Бабруйскі райвыканкам па дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства.

Судзілі Саўчанку праз скайп. Упершыню на адміністрацыйным працэсе абвінавачанага змаглі бачыць тыя, хто знаходзіўся ў зале пасяджэнняў. Раней такая магчымасьць была толькі ў суддзі.

Гэта ўжо трэці прысуд Аляксандру Саўчанку за пратэсты, раней ён адбыў пад арыштам 6 дзён.

Бел-чырвона-белы сцяг з надпісам «Ямніцкі флот» стаў нефармальным сцягам пасёлка Ямніцкі, што на ўскрайку Магілёва, пасля масавага затрымання тут прыхільнікаў пераменаў. У кастрычніку 13 магілёўцаў сабралася на мясцовай сажалцы, каб спусціць на ваду бел-чырвона-белыя караблікі і невялікі плыт. Нечакана на месцы акцыі з'явіліся на дзвюх машынах амапаўцы і затрымалі ўсіх удзельнікаў. Сярод іх былі шэсць жанчын. Большасць удзельнікаў правялі па некалькі дзён у ізалятары часовага ўтрымання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0