Нефармальная сустрэча па пытаннях працы медыя ў Беларусі, якая прайшла анлайн па формуле Арыі, не мае нічога агульнага з парадкам дня Савета Бяспекі. Пра гэта сёння заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў.

Дыпламат падкрэсліў, што ўдзел беларускага боку ў нефармальнай сустрэчы — гэта не прызнанне яе легітымнасці.

Па словах Валянціна Рыбакова, дадзеная сустрэча не адпавядае паўнамоцтвам Савета Бяспекі ААН як галоўнага органа, адказнага за падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі.

Валянцін Рыбакоў адзначыў і тое, як было арганізаванае мерапрыемства, бо некаторыя спікеры не з'яўляюцца прафесіяналамі ў галіне СМІ, а некаторыя наогул не маюць дачынення да журналістыкі.

Афіцыйны беларускі бок накіроўваў арганізатарам прапанову даць магчымасць выступіць на сустрэчы праўладным спікерам.

«На жаль, ні старшыня Беларускага саюза журналістаў, ні ўпаўнаважаны па правах журналістаў з Беларусі не былі дапушчаныя да ўдзелу. Хіба гэта свабода слова? Хіба так павінен выглядаць інклюзіўны дыялог? З нашага пункту гледжання, гэта не што іншае, як дыскрымінацыя і палітызаваныя маніпуляцыі», — сказаў дыпламат.

Звяртаючыся да суарганізатараў мерапрыемства, у ліку якіх шэраг краін Захаду, беларускі дыпламат падкрэсліў: ніхто з іх не з'яўляецца эталонным захавальнікам дэмакратычных каштоўнасцяў і прынцыпаў.

«Менш за ўсё, што цяпер трэба Беларусі, — гэта замежнае ўмяшанне і чытанне лекцый, асабліва ад тых, хто сам нашмат ніжэйшы за стандарты свабоды СМІ і свабоды слова», — падкрэсліў дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0