Сёння ў пасёлку Ждановічы Мінскага раёна затрымалі жанчын. Паводле версіі міліцыі, яны прыйшлі адмываць фарбу з замаляванай днямі выявы Паўла Латушкі на будынку электрашчытавой, а там іх чакала засада, пішуць у мясцовым чаце.

Павел Латушка — кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення, былы міністр культуры і адзін з лідараў апазіцыі. Да эміграцыі ў жніўні ён жыў у Ждановічах.

Яго выява пратрымалася ў Ждановічах каля пяці месяцаў, пасля чаго «невядомыя» яе сказілі. Але жыхары Ждановіч загадзя пакрылі яе сіліконам, таму людзі лёгка змывалі наслаенні фарбы.

Так выглядаў мурал у арыгінале і так ён стаў выглядаць пасля скажэння.

Калі людзі адмылі гэтыя плямы, «невядомыя» зноў замалявалі наноў чорным квадратам.

Як паведамляецца, сярод затрыманых — мама пяці дзяцей Вольга Залатар. Другую жанчыну завуць Наталля.

«У нас участковыя ходзяць і патрабуюць ад людзей зняць сцягі і стужкі. А чаму? А таму што «ўносіць раздзяленне ў грамадства». Брахня на брахні — якое раздзяленне? Я ўсіх суседзяў на вуліцы ведаю, усе да аднаго супраць Лукашэнкі. Можа, дзе якія члены камісій ці адстаўнікі за яго, але ў нас тут такіх нікога, якое раздзяленне, што вы гаворыце, у нас поўнае адзінства», — наракае «Нашай Ніве» жыхар суседняй з муралам вуліцы, якога змусілі зняць беларускія стужкі.

Вольга Залатар была адной з назіральніц на выбарах 2020 года. Як і на шматлікіх іншых участках, незалежных назіральнікаў у Ждановічах сачыць за падлікам галасоў не дапусцілі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0